:B:N:, БМА group, 2006.

Бярозаўскім хлопцам хочацца верыць.

Гэты альбом мусіў бы выйсьці недзе на перабудовачным зломе, калі была мода на скуранкі і надпісы ў пад’ездах АC/DC, калі заканадаўцамі нефармальнай моды ў нашай вялікай краіне быў Judas Priest ды Black Sabbath, а ўся моладзь раўла на канцэртах ім падобных «Жыве рок-н-рол!!!». Тады гэта было актуальна. Цяпер такое крычаць як мінімум банальна. Але бярозаўскім хлопцам хочацца верыць. Ёсьць нешта ў гэтых трывіяльна скляпаных, просьценька зрыфмаваных і наіўна сьпетых песеньках, што змушае выбегчы на танцпляц ды выкінуць забытую ўжо «казу». Відаць, у прадчуваньні такіх абвінавачаньняў у :B:N: і зьявілася песьня «Моднікі». Іншых бы засьвісталі, а :B:N: – нічога, пракатваюць. А ў Польшчы дык наагул іх уважаюць за адну з найлепшых беларускіх камандаў разам з N.R.M. Во што бывае, калі рэгіянальным гуртам у Менск ходу няма. Але, у адрозьненьне ад згаданых «энэрэмаў», не стае ў іх творах бунту. Калі чуеш драйвовы рок, хочацца пачуць і пратэст, у іншым выпадку выбар музычных сродкаў падаецца ня надта апраўданым. У :B:N: гэтага не стае. Пра што сьпявае лепшы гурт гораду Бярозы? Цягнікі, гарады, крылы, дажджы. Ці вось такі наіўняк: «Тэлефон мяне захапіў у палон. Голас твой вядзе мяне за табой». Але шчыра сьпета, факт.

Альбом гучыць куды лепей за папярэдні дэбютны дыск гурту «Не трывай». Рэкамэндуецца слухаць на падвышанай гучнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?