У Батумі раніцай 27 ліпеня з Сочы прыбыў круізны лайнер Astoria Grande з расійскімі турыстамі, але ён быў вымушаны пакінуць порт праз акцыі пратэсту, якія пачаліся з гэтай нагоды ў Батумі і Тбілісі.

Пратэсты адбыліся ў цэнтры Тбілісі і ў парту Батумі. Яны пачаліся пасля таго, як расійскія турысты ў інтэрв'ю грузінскім СМІ заявілі, што падтрымліваюць дзеянні Расіі ў вайне з Грузіяй у 2008 годзе. У прыватнасці, у адным з каментароў прагучала выказванне «Расія вызваліла Абхазію ад грузінаў». Яшчэ адна турыстка паведаміла, што наведвала Абхазію.

У Тбілісі акцыя пратэсту адбывалася каля грузінскага парламента. Некалькі грамадскіх актывістаў спалілі там расійскі сцяг. На акцыю Ў Батумі ўдзельнікі выйшлі з плакатамі, на якіх было напісана: «Расія пазбаўляе нас нашай радзімы, жыцця і будучыні», «Не палітыцы абрусення», «Урад Грузіі не зможа зрабіць з грузінскага народа расійцаў».

Супраць прыходу расійскага лайнера выступіла таксама прэзідэнт Саломе Зурабішвілі.

Клас
30
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0