Даражэюць аўтамабілі амаль ва ўсіх цэнавых сегментах

Цягам апошніх двух-трох гадоў цэны на аўтамабілі падраслі не толькі ў Беларусі. Сярод асноўных прычын — пандэмія COVID-19, недахоп паўправаднікоў, а пазней і высокі ўзровень сусветнай інфляцыі.

Што тычыцца Беларусі, то да агульных сусветных чыннікаў, якія хоць і не вельмі моцна, але паўплывалі на цэны на аўто ў нашай краіне, дадаліся куды больш значныя рэгіянальныя.

Праз санкцыі і адыход з Расіі сусветных аўтавытворцаў у Беларусі і Расіі хутка пачаў назірацца дэфіцыт новых аўто, які выклікаў значны рост цэн.

З патрыманымі аўто, якія вязуць да нас з Еўропы і ЗША, таксама не ўсё проста, бо праз санкцыі ў транспартнай і фінансавай галіне моцна ўзраслі выдаткі на дастаўку і аплату машын.

«Цяпер стаўкі на дастаўку аўто з Еўропы ці ЗША прыблізна ў два разы вышэйшыя ў параўнанні з летам 2021 года», — кажа перавозчык. 

Па ягоных словах, на піку цэны за дастаўку легкавога аўто з Германіі да Мінска даходзілі да 1800—2000 еўра.

«Напрыклад, яшчэ да закрыцця Брузгоў, летам 2021 года, з Бельгіі ці Галандыі да Гродна або Брэста мы дастаўлялі машыны па 650 еўра за штуку. Цяпер менш чым за 1200 наўрад ці нехта паедзе ў гэтыя краіны», — кажа суразмоўца.

Стаўкі на дастаўку аўто з Клайпеды, куды прыходзяць аўтамабілі са Штатаў, таксама падраслі. 

«Доўгі час стандартная стаўка была 350—400 даляраў за аўто з Клайпеды да Мінска. На піку даходзіла да 800—1000, але цяпер пайшоў спад да 600», — дзеліцца мужчына. 

Праблемы з аплатай

Апроч узрослых цэн на дастаўку, суразмоўца называе праблему з разлікамі, якія таксама прыводзяць да дадатковых выдаткаў.

«Калі пашанцуе і банк еўрапейскага прадаўца прыме плацеж з Беларусі, то выдаткі вырастаюць не так моцна. Прыблізна з 40 да 200 даляраў. Альфа-Банк раней браў за плацеж 120 рублёў, а цяпер — 600», — прыводзіць прыклад бізнэсмен.

Але, па словах суразмоўцы, часцяком бывае так, што для таго, каб набыць машыну, трэба правесці яе праз фірму-пракладку, бо многія прадаўцы ў ЕС не гатовыя прадаваць на экспарт у Беларусь. Тады цана аўтамабіля ўзрастае яшчэ мінімум на 500—700 еўра.

«Набыць аўтамабілі са Штатаў і разлічыцца за іх таксама няпроста. Банкі бяруць шалёныя камісіі за пераводы ў ЗША, плюс прымушаюць набываць даляры ў іх. Можна разлічыцца за аўто наяўнымі ў Мінску, але за гэта пасярэднікі бяруць 4,5% ад кошту аўто», — тлумачыць бізнэсмен.

Як бачым, чыннікаў, якія ўплываюць на кошт толькі прывезеных аўто, хапае. З новымі таксама застаецца праблема дэфіцыту. Машыны, якія ёсць у дылераў, цяпер каштуюць значна даражэй, чым гэта было да вайны.

Але самае галоўнае — паменшаў выбар, асабліва ў бюджэтным сегменце. Раней новы «бюджэтнік» можна было набыць па цэнах ад 10 тысяч даляраў, зараз на гэта спатрэбіцца не менш за 14 тысяч.

Па ланцужку даражэюць і патрыманыя аўто, якія ўжо гадамі і нават дзесяцігоддзямі ездзяць па Беларусі.

Па словах суразмоўцы з ліку перакупаў, самыя запатрабаваныя аўто ў цэнавым сегменце да 7—8 тысяч даляраў.

«Лепш за ўсё прадаюцца машыны па цане каля 5 тысяч даляраў — гэта самыя «народныя» аўтамабілі, на якія ёсць стабільны попыт незалежна ад пары года. Больш танныя за 2—3 тысячы таксама добра ідуць, але з такімі складана працаваць, бо там амаль немагчыма набыць нешта ў больш-менш годным стане», — прызнаецца перакупшчык.

Што тычыцца цэн, то, па назіраннях суразмоўцы, за апошнія 1,5—2 гады «народныя» аўтамабілі падаражэлі прыблізна на 20—30% у залежнасці ад мадэлі.

«Рэсурсныя мадэлі заўжды былі ў цане, але цяпер такі час, што нават некалі не вельмі папулярныя машыны прадаюцца хутка і па цэнах вышэйшых за сярэднія. Галоўнае, каб машына была «жывая».

Цяпер цалкам нармальная сітуацыя, калі пасля 2—3 гадоў эксплуатацыі чалавек прадае свой «корч» на пару соцень ці нават на тысячу даражэй, чым ён яго купляў», — кажа мужчына.

Сярод нядаўніх прыкладаў суразмоўца згадвае Renault Clio, які два гады таму было складана прадаць за 2500 даляраў, а цяпер такія ж мадэлі ў добрым стане прадаюцца за 3000—3500.

Перакупшчык адзначае, што праз рост цэн на ўзроставыя аўто на беларускім рынку стала з'яўляцца шмат аўто ва ўзросце 10+, якія вязуць на продаж з Еўропы.

Раней, калі нехта і прыганяў з Еўропы непрахадную машыну (гэта аўто, якому больш за пяць гадоў. — «НН»), то гэта, хутчэй, былі адзінкі, бо выгада калі і была, то невялікая. Але цяпер сітуацыя змянілася, і ў Беларусь пачалі прыганяць шмат такіх аўто.

Суразмоўца тлумачыць гэта тым, што ў заходніх краінах аўто, старэйшыя за 10 гадоў, каштуюць танна.

«У Беларусі апошнія гады машыны толькі даражэюць. Праз гэта паток такіх аўто з Еўропы стаў даволі прыкметны. Гэта выгадна, нават нягледзячы на тое, што палову фінальнай цаны аўтамабіля складаюць мытныя плацяжы і іншыя выдаткі», — кажа ён.

Ці варта чакаць падзення цэн?

Абодва суразмоўцы сыходзяцца ў меркаванні, што чакаць падзення цэн на аўтамабілі не варта. Асабліва калі гаворка ідзе пра «народныя» варыянты.

«Самымі запатрабаванымі застаюцца «рэсурсныя» аўтамабілі, якія можна танна абслугоўваць, нешта зрабіць самому ў гаражы ці ля пад'езда. Праз гэта мы бачым, што тыя ж Audi ці Volkswagen канца 90-х і пачатку 2000-х зноў пачалі даражэць, бо попыт вялікі, а 20-гадовых машых у годным стане застаецца ўсё менш», — кажа перакупшчык.

Чытайце таксама: 

Падпісаны ўказ аб міжнародным аўтастрахаванні. Што змянілася? 

Ці згнілі Geely? Колькі каштуюць і як выглядаюць патрыманыя беларуска-кітайскія аўто 

Клас
9
Панылы сорам
14
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
9
Абуральна
7