Адпачынак ля помніка забітым нацыстамі вяскоўцам. Скрын відэа з тыктоку

Адпачынак ля помніка забітым нацыстамі вяскоўцам. Скрын відэа з тыктоку

На відэа з тыктоку бачна, што вялікая група людзей адпачывае каля помніка землякам, забітым у Другую сусветную вайну нацыстамі. Некаторыя з адпачывальнікаў загараюць за лічаныя метры ад мемарыяла з вянкамі.

«Людзі! Што з вамі адбываецца?» — эмацыйна падпісала відэа аўтарка.

Па ўсім відаць, што гэтая мясціна даўно стала ўлюблёным месцам адпачынку. Нават разгорнутыя намёты стаяць непадалёк ад помніка. 

Возера Белае, на беразе якога помнік, знаходзіцца за 17 кіламетраў ад Лунінца

Работнік камунальнай службы раёна расказаў «Нашай Ніве», што помнік паставілі ў 1994 годзе на тэрыторыі пляжнай зоны. Тады не задумваліся, што побач з ім могуць загараць людзі. 

«Гэтак адпачываюць не адзін год і страху ў гэтым не бачаць», — каментуе сітуацыю камунальнік.

Помнік трапляе ў межы пляжа. Ад яго да возера прыкладна 60 метраў.

Мясцоваму жыхару, які пазваніў у Лунінецкі райвыканкам, чыноўнікі расказалі, што раз на тыдзень пляжы маніторыць адмысловая камісія, якая пільнуе, каб адпачывальнікі не пілі алкаголь ды не распальвалі вогнішчаў.

Пра відэа, якое разышлося па сацсетках, там не ведалі, паабяцалі звярнуць увагу.

Відэа з адпачывальнікамі ля помніка сабрала больш за 130 каментароў. Многія не бачаць праблемы ў тым, што людзі загараюць і разбіваюць намёты побач. Тлумачаць: помнік не апаганьваецца, а могілкі нас паўсюль атачаюць.

Тыя, хто абураецца, аказаліся ў меншасці.

Помнік стаіць на месцы брацкай магілы партызан. На ім спалучаныя каталіцкі крыж і чырвоная зорка.

Вёску Белае Возера з 54 жыхарамі нацысты спалілі ў 1944 годзе. Паселішча было каталіцкім. Па вайне ацалелыя вяскоўцы хацелі яго адбудаваць, але саветы пачалі калектывізацыю і людзі з'ехалі ў Польшчу.

Пазней на месцы вёскі быў палігон для савецкай ваеннай авіяцыі. А ў 1964-ым у ваколіцаў знішчанага паселішча ўзвялі піянерскі лагер «Спадарожнік». А вось на месцы самой вёскі і стаіць помнік, ля якога загараюць адпачывальнікі.

Глядзіце таксама:

Якое возера ў Беларусі найбольш прыдатнае для дайвінгу?

Паром праз Мора ГерадотаАд Лунінца да Петрыкава: рэпартаж з неймавернага Палесся

Страшная поедзь: кожны год Лунінец атакуюць вусені амерыканскага белага матыля

Клас
2
Панылы сорам
15
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?