пропаганда Россия Симанян Соловьев Киселев propaganda Russia Simanyan Soloviev Kiselyov прапаганда Расія Сіманьян Салаўёў Кісялёў

Вобразы расійскай прапаганды. Калаж: Новая газета. Еўропа

У сваёй калонцы ў «Независимой газеце» Валерый Гарбузаў звяртае ўвагу на той факт, што часта кіруючыя эліты аўтарытарных і таталітарных палітычных рэжымаў наўмысна стваралі ўтапічныя ўяўленні і міфы, якія мэтанакіравана распаўсюджваліся ў масах. Вынікам гэтага станавілася фармаванне ў мільёнаў людзей утапічнай карціны ўспрымання свету.

Такое масавае маніпуляванне дазваляла аб'ядноўваць разрозненыя палітычныя і сацыяльныя групы вакол нацыянальнага лідара для дасягнення нейкай канкрэтнай мэты. З іншага боку гэта таксама з'яўляецца магутным інструментам працяглага ўтрымання асабістай улады.

Навуковец нагадвае, што на працягу ўсяго гістарычнага развіцця зарад экспансіянізму ніколі не пакідаў Расію. Менавіта ён стаў рухавіком фармавання Расійскай дзяржавы. Сцяг расейскага кантынентальнага экспансіянізму быў падхоплены бальшавікамі, якія прыйшлі да ўлады ў кастрычніку 1917 года.

На узбраенне была ўзятая ідэя аб сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. А з мэтай яе арганізацыі ў 1919 годзе ў Маскве быў створаны яе штаб — Камінтэрн. Аднак хутка стала зразумела, што ідэя гэтая — усяго толькі пусты міф, утопія. У 1943 годзе пад націскам саюзнікаў па Антыгітлераўскай кааліцыі Камінтэрн аб'явіў аб самароспуску.

Валерый Гарбузаў вылучае некалькі фокусаў, якія фармавалі знешнепалітычную савецкую міфалогію ў 1960-1970-х гадах.

Сярод іх тэзіс аб амерыканскім імперыялізме, які захапіў увесь зямны шар і перашкаджае прасоўванню астатняга свету да светлай камуністычнай будучыні.

«Тое, што знешнепалітычны курс СССР у гады халоднай вайны быў ягоным люстраным адбіткам, сёння мала ў каго выклікае сумнеў. Дзве супердзяржавы стрымлівалі адзін аднаго, практычна выкарыстоўваючы адны і тыя ж інструменты для стварэння ўласных сфер глабальнага геапалітычнага ўплыву», — адзначае вучоны.

Другая тэза заключалася ў сцвярджэнні гістарычнай асуджанасці капіталізму, які ўступіў у сваю апошнюю стадыю – імперыялізм. У савецкай навуковай і навучальнай літаратуры сцвярджалася, што назапашванне супярэчнасцяў паміж трыма цэнтрамі — ЗША, Заходняя Еўропа і Японія — прывядзе да непазбежнай гібелі імперыялізму і перамогі сусветнага камунізму.

Утапічныя догмы аб «агульным крызісе капіталізму» існавалі дзесяцігоддзямі. Яны былі замацаваны ў трэцяй Праграме КПСС (1961), якая нацэльвала на будаўніцтва камунізму ў бліжэйшыя 20 гадоў. І былі паўтораны ў новай рэдакцыі Праграмы ў 1986 годзе. У аснове апошняй таксама ляжала ўтапічная дактырына «развітага сацыялізму».

«Кожны раз ідэалагічныя шараханні нязменнай савецкай партыйна-дзяржаўнай вярхушкі, апускаючы грамадства ў свет ілюзій, вялі да стварэння ілжывай карціны свету», — піша Гарбузаў.

Як паказала гісторыя, Савецкі Саюз распаўся, а разам з ім абвалілася сістэма сацыялізму. А заходні капіталізм эвалюцыянаваў пераважна ў сацыялістычным і неаліберальным напрамках.

«Старыя песні пра галоўнае»

Навуковец адзначае, што «сёння на хвалі антызаходніх настрояў у атмасферы псеўдапатрыятычнага вар'яцтва, якое ахапіла насельніцтва Расіі, што рэгулярна слухае «старыя песні пра галоўнае», <…> наіўна і бяздумна ўспрымае тэзісы татальнай дзяржаўнай прапаганды, ствараюцца новыя міфы, а разам з імі фармуецца і сучасная ўтапічная свядомасць».

Аўтар спрабуе разабрацца з новымі міфамі, якія ўкараняюцца ў свядомасць насельніцтва ва «ўмовах паўзучай рэстаўрацыі сталінізму».

Адзін з іх — міф аб страце амерыканскага дамінавання.

Навуковец прыводзіць факты, якія сведчаць аб тым, што «сёння ЗША — ядзерная супердзяржава, якая захоўвае сусветнае лідэрства ў такіх галінах, як сусветная эканоміка, фінансы, ваенная сфера, інавацыі, прамыя інвестыцыі і культура».

Гарбузаў адзначае, што абысці ЗША па намінальным памеры эканомікі ў найбліжэйшыя 10 гадоў можа Кітай: «Ператварыўшыся ў сусветную фабрыку, гэтая дзяржава стаіць на парозе трансфармацыі ў другую «нефармальную імперыю сучаснага свету».

Такім чынам, «сёння на планеце існуе ўсяго толькі дзве нефармальныя імперыі — ЗША і Кітай. Расія ўяўляе сабой былую імперыю, спадчынніцу савецкай супердзяржавы, якая перажывае вельмі балючы сіндром раптоўна страчанай імперскай велічы».

Па словах навукоўца, ярка выяўлены ў сучаснай Расіі постімперскі сіндром — хутчэй гістарычная заканамернасць, чым гістарычная анамалія. Яго асаблівасць у тым, што «ён не праявіўся адразу пасля распаду СССР у 1991 годзе, а даў аб сабе ведаць значна пазней, з прыходам да ўлады Пуціна». І цяпер гэты сіндром, магчымаму зараджэньню якога раней не надавалася асаблівага значэньня, набыў пагрозлівы характар.

Тры геапалітычныя праграмы

Аўтар адзначае, што ў сучасным свеце ёсць усяго толькі тры дзяржавы з уласнымі глабальнымі праграмамі: ЗША, Кітай і Расія. Пры гэтым ЗША і Кітай — дзве нефармальныя імперыі сучаснага свету.

Геапалітычная праграма ЗША заснавана на ідэі амерыканскай выключнасці і месіянства, універсалізму амерыканскіх каштоўнасцяў, амерыканскага дамінавання і бясспрэчнага лідарства.

Кітай для дасягнення лідзіруючых пазіцый праводзіць палітыку «Адзін пояс — адзін шлях» і рэалізуе канцэпцыю «Стварэнне супольнасці адзінага лёсу чалавецтва».

«Абедзве гэтыя імперыі, якія нарадзіліся ў розных частках свету, у розныя эпохі, вельмі падобныя па метадах распаўсюджвання свайго глабальнага ўплыву. Не выпадкова і галоўная канфрантацыйная вось сучаснага свету пралегла менавіта паміж імі», — лічыць вучоны.

Расія, якая сёння праходзіць праз вельмі балючы постімперскі сіндром, таксама спрабуе сфарміраваць уласную глабальную геапалітычную праграму. Але яна «занадта зыбкая, няўстойлівая і эклектычная».

Гэта не праграма, а хутчэй набор установак, змяшанне ідэй еўразійства, «рускага свету», агрэсіўнага антыамерыканізму, супрацьборства з аднапалярным светам і «загніваючым» Захадам. У ёй таксама ідэі «суверэннай дэмакратыі», «глыбіннага народа», туга па традыцыйных каштоўнасцях і праваслаўнай веры.

«Уся падобная сумесь трымаецца на кансерватыўным клеі, які злучае яе разнастайныя кампаненты», — піша навуковец і адзначае, што гэтая мешаніна нагадвае антызаходнія ідэйныя вынаходніцтвы амаль 200-гадовай даўніны — «тэорыю афіцыйнай народнасці» — міністра народнай асветы графа Сяргея Уварава.

«Яго трыяда «Праваслаўе. Самадзяржаўе. Народнасць» з'яўлялася ідэйным увасабленнем рускага манархізму, які разам з праваслаўем і самадзяржаўнай уладай, забяспечанай падтрымкай народа, нібыта выступаюць надзейнымі гарантамі існавання і велічы Расіі», — піша Гарбузаў.

Для чаго служыць дзяржаўная міфалогія Расіі

Аўтар адзначае, што сёння Расія, якая перажывае адкладзены постімперскі сіндром, спрабуе пакуль беспаспяхова ўзяць рэванш. Але дабіцца гэтага пры дапамозе той дзяржаўнай міфалогіі, якая ствараецца, не наўрад ці зможа.

Задача гэтай міфалогіі — пагрузіць уласнае грамадства ў свет ілюзій для забеспячэння бестэрміновага ўтрымання ўлады любой цаной.

«Ва ўмовах інфармацыйнага веку, замяшчаючы рэаліі ілюзіямі, Расія нібы застыла ў мінулым, усё яшчэ спадзяючыся на цара-бацюхну або іншую цвёрдую руку вярхоўнай улады, спрабуючы пры гэтым беспаспяхова вярнуць сабе былую веліч, страчаныя ўладанні і сусветны ўплыў», — адзначае вучоны.

Валерый Гарбузаў дзеліцца назіраннем аб тым, што многія сёння схільныя, паводле слоў знаўцы самадзяржаўна-бюракратычнай рэальнасці М.Я. Салтыкова-Шчадрына, блытаць два паняцці: «Отечество» і «Ваше превосходительство».

«Цяперашнія айчынныя прывержанцы аўтарытарызму <…> без сарамлівасці, з кранальным замілаваннем, шчыра атаясамляюць кіраўніка дзяржавы з самой дзяржавай, часовага ўладара краіны — з вялікай нацыянальнай і гістарычнай канстантай», — заўважае Гарбузаў.

У канцы свайго артыкула вучоны адзначае, што ў кожнага народа, як і ў кожнага чалавека, ёсць уласная біяграфія і самае каштоўнае — яго непаўторны характар. Толькі ведаючы яго, можна выбудоўваць лінію цывілізаваных і адказных міжнародных паводзін, відавочны недахоп якіх існуе ў сённяшнім свеце.

«Веды, а не міфы аб іншым народзе і дзяржаве дазваляюць зразумець не толькі яго, але і самога сябе», — завяршае свае разважанні аўтар.

Пасля публікацыи калонкі ў «Независимой газеце» Валерый Гарбузаў быў адхілены ад пасады па ініцыятыве заснавальніка. Гэтую інфармацыю пацвердзіла ТАСС.

Чытайце яшчэ:

«Усе хлусяць». У чым корань пуцінскай ідэалогіі?

Палітолаг Маркаў: Расійская дзяржаўная сістэма прадэманстравала высокую ступень неадэкватнасці

«Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе. Пачынаюць думаць, што, можа, так і трэба». Як будзе развівацца беларускае грамадства ва ўмовах татальных рэпрэсій 

Клас
58
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
11

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?