Як вялася ідэалагічная праца ў БДУ да 2020 года

«Прыкладна так, як і ва ўсіх астатніх ВНУ краіны — дасылаюцца адны і тыя ж метадычкі. Але былі і адрозненні: яшчэ пяць-дзесяць гадоў таму ўніверсітэт захоўваў нейкую аўтаномію ў кадравай палітыцы. Тыя інстытуцыі, якія былі ўтвораныя яшчэ пры Казуліне, аказаліся трывалымі і існавалі даволі працяглы час», — расказвае суразмоўца «Нашай Нівы».

Тое, што ў Беларусі называюць «ідэалагічнай працай» — у краінах Еўрапейскага саюза такога паняцця не існуе, — можна падзяліць на два кірункі: праца з прафесарска-выкладчыцкім складам і праца са студэнтамі.

Для выкладчыкаў існавалі прафсаюз і «Белая Русь». Было патрабаванне, каб сябрамі «Белай Русі» былі ўсе дэканы, а таксама два-тры чалавекі з дэканата.

Што тычыцца прафсаюза, то ад усіх супрацоўнікаў татальна патрабавалі ўступаць у яго. Але ўдзел у ім быў выгадны для многіх: можна было атрымаць пуцёўку ў санаторый для дзяцей альбо падарунак на Новы год. «Плюшак» хапала, таму для большасці прафсаюз не здаваўся чымсьці праблемным.

«На мой погляд, увогуле да 2020 года ідэалагічная вертыкаль у ВНУ была прывязаная толькі да аднаго — да выбараў. І толькі дзеля выбараў уся гэта структура і існавала. Бо па-за выбарамі займаліся ўсім чым хочаце, але не ідэалогіяй», — расказвае ідэолаг.

Са студэнтамі працавалі сур'ёзней. Акрамя намеснікаў дэканаў па выхаваўчай рабоце, існавала цэлае ўпраўленне выхаваўчай работы ў БДУ.

Выхаваўчая работа са студэнтамі дэлегавалася не толькі на факультэты, але і на інтэрнаты, дзе таксама існавалі выхавацелькі, якія падпарадкоўваліся дырэктару студгарадка.

Але і для студэнтаў ідэалагічнае жыццё ў БДУ адрознівалася ад сітуацыі ў іншых ВНУ. У БДУ існавала некалькі арганізацый, якія паміж сабой канкуравалі: БРСМ, студсаюз, рада па якасці адукацыі, рада старастаў, студэнцкі прафкам і шэраг іншых дробных арганізацый.

Усе ведалі, што БРСМ, умоўна, займаецца палітыкай — збірае студатрады, махае сцягамі на мерапрыемствах. А вось студсаюз займаўся адукацыйнымі, культурнымі, міжнароднымі праектамі. У яго былі свая юрыдычная асоба, свой юрадрас. Студсаюз БДУ нават плаціў універсітэту арэндную плату за памяшканні, якія выкарыстоўваў. Дзякуючы адноснай незалежнасці, студэнцкі саюз, напрыклад, мог працаваць з універсітэтамі іншых краін. Існавалі трывалыя сувязі паміж універсітэтамі і студэнцкімі арганізацыямі — гэта выгадна адрознівала БДУ ад іншых універсітэтаў, дзе ў асноўным былі толькі БРСМ і прафкам.

Ці заганялі студэнтаў на выбары

«Калі мы кажам канкрэтна пра жнівень 2020 года — не, бо гэта ж былі канікулы. Увогуле сур’ёзнай працы са студэнтамі не праводзілася ў той час, былі спробы неяк адцягнуць увагу студэнтаў ад інтэрнэту і тэлеграма, але яны выглядалі смешна і былі больш для птушачкі», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».


«Да гэтага на розных выбарах адміністрацыйны рэсурс сапраўды выкарыстоўваўся жорстка: альбо ты ідзеш і галасуеш, альбо ты не будзеш жыць у інтэрнаце», — расказвае ідэолаг.

Гэта незаконныя патрабаванні, але так было.

БДУ ў 2020 годзе

«Праходзілі шматлікія акцыі ва ўнутраным дворыку БДУ, у галоўным корпусе, выходзілі прарэктары, дэканы, замдэканы і ўгаворвалі студэнтаў разысціся. На юрфаку была такая актыўнасць у верасні, што нават АМАП прыязджаў», — успамінае наш суразмоўца.

Пратэсты ў БДУ, 30 верасня 2020 

Пратэсты ў БДУ, 30 верасня 2020 

«Як можна загасіць тарфяны пажар? — вобразна кажа ён. — Можна заліць яго вадой, паліваць штодня, але ён усё роўна будзе тлець. Мала хто з дэканаў і замдэканаў хацеў нешта рабіць. Калі дэкан спрабуе агучыць пазіцыю, якую яму самому навязалі, а студэнты глядзяць яму ў вочы і бачаць хлусню, то цяжка выціскаць з сябе словы».

Студэнцкія арганізацыі БДУ былі настолькі салідарныя тады, што збіралі грошы на дапамогу затрыманым студэнтам і на падтрымку палітзняволеных. «Вось гэта вельмі ўразіла ўлады», — расказвае ідэолаг.

У канцы верасня 2020-га пачаліся першыя звальненні нелаяльных выкладчыкаў. Адной з першых з факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій звольнілі «за сістэматычнае парушэнне дысцыпліны» Святлану Волчак, якая стварыла чат «БДУ 97%».

«Паніка ва ўніверсітэце пачалася недзе ў кастрычніку 2020 года, калі сталі арыштоўваць студэнтаў. І перад многімі супрацоўнікамі строга паставілі пытанне: альбо ты ідзеш і сведчыш супраць сваіх жа студэнтаў, альбо шукай новую працу».

3 лістапада ў БДУ прыехала Наталля Качанава і сустрэлася з актывам студэнцкіх арганізацый. Тады моладзь яшчэ не была да канца застрашаная. Студэнты задавалі Качанавай нязручныя пытанні, а кіраўніца Савета Рэспублікі не магла знайсці, што адказаць. На вострыя пытанні яна казала нешта кшталту «Лукашэнка — наш прэзідэнт, ён самы лепшы. Нікога лепшага знайсці немагчыма». Ёй у адказ задаюць іншае пытанне, а яна проста сядзіць, чырванее і пачынае па коле распавядаць пра тое, што Лукашэнка сапраўды перамог, а пратэсты — гэта праца спецслужбаў Захаду.

«Пасля той сустрэчы ад нас запатрабавалі падаць спісы студэнцкіх арганізацый, якія ўдзельнічалі, прозвішчы студэнтаў, якія іх прадстаўлялі. Сталі патрабаваць характарыстыкі на гэтых студэнтаў, высвятляць, чаму з імі не вядзецца ідэалагічная работа, чаму яны ўвогуле задаюць вострыя пытанні.

І што ты тут скажаш? Яны студэнты вядучай ВНУ Беларусі, пераможцы алімпіяд, яны цікавяцца тым, што адбываецца ў краіне. Што ім балюча бачыць скрадзеныя выбары і гвалт на вуліцах! Катаванні і кроў на тварах сваіх аднакурснікаў! — эмацыйна кажа ідэолаг. — Была пастаўлена задача або аб’яднаць усе студэнцкія арганізацыі, каб іх было лягчэй кантраляваць, або знішчыць. І фактычна гэта і адбылося ў 2022 годзе».

«Асабліва Фёдар Драбеня мяне ўразіў»

«У некаторыя моманты я быў прыемна здзіўлены, а ў некаторыя страшна расчараваны. Асабліва Фёдар Драбеня з журфака мяне ўразіў. Ён спачатку здаваўся прыстойным выкладчыкам, які дбаў пра сваіх студэнтаў. А потым лёгка стаў на іх даносіць, пайшоў у суд па «справе студэнтаў» сведкам», — расказвае ідэолаг.

(Намеснік дэкана журфака Фёдар Драбеня, які сведчыў па «справе студэнтаў», атрымае павышэнне і стане рэктарам абласнога інстытута развіцця адукацыі.)

Нехта казаў: «Трэба цяпер крыху перацярпець, сітуацыя потым зменіцца. Не мы першыя, не мы апошнія робім тое, што робім — падпісваем паперкі, каб студэнтаў адлічвалі, даём ім вымовы». Хтосьці з гэтым не пагаджаўся, хтосьці пераступаў цераз сябе, падпісваў, а потым звальняўся праз паўгода-год. А хтосьці спакойна працаваў.

Цяпер сітуацыя сапраўды змянілася, але ў яшчэ горшы бок — і тыя людзі, якія прамаўчалі ў 2020—2021-м, зразумелі, у якую пастку трапілі. Цяпер ад іх адміністрацыя Лукашэнкі будзе патрабаваць не толькі, умоўна кажучы, хадзіць і махаць сцягамі на нейкіх мерапрыемствах, а актыўна і з агеньчыкам займацца даносамі». 

Прарэктар па бяспецы і яго змрочная роля

«Асабліва стараўся, хоць і не быў навідавоку, прарэктар па бяспецы. Адкрыта пагражаў студэнтам і супрацоўнікам універсітэта. Адзін другому ў нас пераказвалі нараду з яго ўдзелам напярэдадні 25 сакавіка 2021 года. Ён казаў, што калі некага са студэнтаў затрымаюць, то адразу будзе звольнены дэкан факультэта: «Рабіце што хочаце, каб гэтага не было».

Што тычыцца рэпрэсіўнай машыны, то вялікая частка віны ляжыць на першым прарэктару, бо гэта ён падпісваў амаль усе паперы, якія тычыліся рэпрэсій, — гэту пасаду тады займаў Дзмітрый Мядзведзеў, чалавек неблагі, выдатны вучоны, які, як мне тады падавалася, не да канца разумеў, што ён сваімі дзеяннямі знішчае не толькі сябе як чалавека, але наносіць страшную шкоду рэпутацыі БДУ.

Таксама вялікая доля адказнасці ляжыць на прарэктару па выхаваўчай працы — ім быў Іван Янушэвіч.

Але мы ўсе, увесь калектыў БДУ адказныя за тое, што адбылося. Найбольш віны на тых, хто прамаўчаў. На людзях, якія хацелі перамен, але нічога для гэтага не рабілі. Шмат хто хацеў, каб хтосьці іншы хадзіў за іх на маршы, каб хтосьці іншы за іх адсядзеў.

Мне даводзілася размаўляць з некаторымі намеснікамі дэканаў у 2020, 2021 і нават 2022 годзе. Яны казалі: «Я лепш буду рабіць тое, што рабіў, але трымаць вялікую дулю ў кішэні», — расказаў «Нашай Ніве» ідэолаг. 

Пазіцыя рэктара Караля

«Што датычыць Караля, то ў 2017 годзе, калі ён з’явіўся ў БДУ, адразу пайшлі чуткі, што ён пратэжэ Качанавай, — расказвае суразмоўца «Нашай Нівы».

— Пры гэтым Кароль у 2020 годзе спрабаваў дыстанцыявацца ад той сітуацыі, у якой апынулася краіна. Памятаю яго тагачасныя відэазвароты да студэнтаў — яны былі цалкам прыстойнымі. Але калі пачалася хваля рэпрэсій, стала відавочна, што нехта павінен узяць на сябе за гэта адказнасць.

А стаяць на чале рэпрэсіўнай машыны Кароль не хацеў. Ён жа не стары чалавек — разумеў, што калі ён будзе да гэтага датычны, то праз 5-10-15 гадоў яму рукі не паціснуць, не запросяць на навуковыя канферэнцыі. І ў самым лепшым выпадку яму дазволяць недзе на кафедры чай піць, успамінаючы былыя часы.

Таму ўсе карныя ініцыятывы фактычна звалілі на першага прарэктара, на прарэктара па выхаваўчай рабоце, якія сталі ахвярнымі казламі.

І вось цяпер стала відавочна, што Лукашэнка незадаволены тым, што кіраўнік галоўнай ВНУ краіны стаіць недзе збоку ад усяго. Трэба ж, каб ён актыўна ўдзельнічаў у рэпрэсіях. Ну вось, напрыклад, як кіраўніцтва гомельскага завода, калі яно бічуе сваіх супрацоўнікаў, выкладвае відэа з «Я таксама асуджаю», — прыводзіць прыклад наш суразмоўца.

Да чаго ідзе БДУ, можна паглядзець на прыкладзе юрыдычнага факультэта, мяркуе супрацоўнік. Фактычна, увесь юрфак знаходзіцца пад кантролем сілавых органаў, найперш — КДБ. Юрфак паказаў новы ўзровень законнасці, апублікаваўшы, паводле прыкладу ГУБАЗіКа, відэа, на якім студэнта прымусілі каяцца за тое, што ён «дазволіў сабе ганьбіць БРСМ».

«Вось яскравае адлюстраванне таго, што чакае ўвесь БДУ», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

У канцы 2021 года ў БДУ, як і ў іншыя дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы, пачалі спускаць спісы з «нядобранадзейнымі грамадзянамі», якіх трэба пазбавіцца. Туды траплялі тыя, хто затрымліваўся па «народных артыкулах», актывісты незалежных прафсаюзаў і проста «падазроныя» супрацоўнікі, якія аддавалі свой подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. 

Некаторых выкладчыкаў затрымлівалі непасрэдна падчас заняткаў.

Паказальны выпадак, калі прафесарка Наталля Абрашына-Жадаева была звольненая за тое, што запісала відэазварот у абарону свайго звольненага калегі Максіма Шундалава. 

Лукашэнкаўская прапаганда заявіла, што «галоўнае — ачысціць краіну ад такіх». Учынак прафесаркі прэзідэнцкая газета назвала «хахляцка-быдляцкай упёртасцю», а студэнтак журфака, якія паведамілі медыя пра тое, што ў іх выкладае Лілія Ананіч, былая міністарка інфармацыі, якая, аднак, ні года не адпрацавала ў рэальных медыя, тая ж газета назвала «пісюхамі».

12-ы міжнародны конкурс студэнтаў-юрыстаў «Моладзь за мір». Мінск, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, 2017 год. Фота: Pierre Crom / Getty Images

12-ы міжнародны конкурс студэнтаў-юрыстаў «Моладзь за мір». Мінск, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, 2017 год. Фота: Pierre Crom / Getty Images

Колькі людзей у БДУ за Лукашэнку?

«Насамрэч, вы задаяце дзіўнае пытанне, — парыруе суразмоўца «Нашай Нівы». — За Лукашэнку ці за сённяшні дзяржаўны лад? Канкрэтна Лукашэнку мала хто падтрымлівае, на маю думку.

Нядаўна вось старшыня праўладнага Моладзевага парламента крычаў, што гатовы памерці за Лукашэнку. Ну, канечне… Я, не адзін год адпрацаваўшы ў ідэалогіі, ні аднаго такога шчырага ідыёта не бачыў. Амаль не існуе ў прыродзе турбапатрыётаў. А вось не супраць сённяшняга дзяржаўнага ладу ў БДУ, здаецца, прыкладна 20-25 працэнтаў.

Памятаеце 16 жніўня, калі ля Стэлы на пратэст сабраліся сотні тысяч людзей? Тады ж Лукашэнка збіраў свой мітынг каля Дома ўрада. На БДУ была разнарадка — прывесці 30 чалавек. З тых 30, якія павінны былі пайсці, дайшло пяць. Пяць чалавек з найбуйнейшага ўніверсітэта краіны!

У адрозненне ад таго першага ябацінгу, на які людзей прымушалі ісці, на першы марш пратэсту ля Стэлы многія супрацоўнікі БДУ ішлі самі.

У кастрычніку ж таго года быў павінен адбыцца вялікі ябацінг — тады ўжо «зверху» вельмі сур'ёзна пачалі збіраць людзей. І нават намеснікі дэканаў адмаўляліся ў гэтым удзельнічаць. Таму што разумелі, што гэта — ганьба. Вось гэта ўсё, што трэба ведаць пра ўзровень падтрымкі Лукашэнкі».

Чытайце таксама: «Але ворага трэба бачыць». Нарада Лукашэнкі ў БДУ была злавеснай

Клас
53
Панылы сорам
13
Ха-ха
4
Ого
8
Сумна
11
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?