Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Тэрмін «сэдфішынг» у пачатку 2019 года прыдумала пісьменніца Рэбека Рэйд. Ëн паходзіць ад гульні словаў па апазіцыі да catfishing — калі ў сацсетках нехта выдае сябе не за таго, кім ён ёсць насамрэч. У англамоўных сацсетках яго выкарыстоўваюць усё часцей, каб характарызаваць людзей, якія змагаюцца за ўвагу да сябе спрэчнымі спосабамі.

Сусветныя зоркі ўжо зазналі на сабе абвінавачванні ў сэдфішынгу. Напрыклад, дасталася спеваку Джасціну Біберу, які расказваў пра цяжкасці з псіхічным здароўем, ці мадэлі Кендал Джэнер: яна напісала ў сацсетках пра сваю барацьбу з акнэ і дадала да паста здымкі касметыкі, што ёй дапамагла. Пазней стала вядома, што насамрэч пост Кендал быў часткай рэкламнай кампаніі сродкаў ад акнэ.

Але застаецца важнае пытанне: як адрозніць, ці чалавеку насамрэч трэба падтрымка, ці ён проста хайпуе? Паглядзіце на пасты ніжэй — хіба ёсць спосаб вызначыць, наколькі яны шчырыя? На нашу думку, не.

Шукаць увагі — цалкам нармальная з'ява, людзі ж сацыяльныя істоты. І калі вам трэба падтрымка, вы маеце на яе поўнае права. Прычым увага іншых людзей трэба кожнаму, няма такога чалавека, якому яна не трэба, яна дапамагае нам адчуваць сябе любімымі і адчуваць бяспеку, якая патрэбная для шчасця, добрага самаадчування.

Але ў выпадку з сэдфішынгам пошук увагі ператвараецца ў маніпуляцыю. Такі чалавек свядома перабольшвае свае праблемы або ўвогуле часам прыкідваецца, што яму няпроста, каб усе яго заўважылі.

Даследаванне 2022 года сведчыць, што сэдфішынгам часцей займаюцца людзі, схільныя да таго, што ў псіхалогіі называюць «трывожным стылем прывязанасці». Гэта людзі, якіх мучыць страх адзіноты, таму яны шукаюць людзей, у дружбе з якімі яны адчувалі б сябе ў бяспецы.

Звычайна большасць эмацыйных пастоў у сацсетках, якія можна палічыць за сэдфішынг, належыць падлеткам або маладым людзям. На думку псіхолага Эмі Морын, сэдфішынг у юным узросце можа сведчыць пра недахоп увагі або пра тое, што дзіця не ведае, як выказаць свае патрэбы. Таксама праз наўмысна эмацыйныя публікацыі падлетак можа выпрабоўваць навакольных на лаяльнасць да яго, каб пабачыць, хто пажадае яго падтрымаць.

Калі чалавек адкрыта піша пра свае праблемы, ён аказваецца ўразлівым перад рэакцыяй іншых людзей.

Даследаванні паказалі, што тыя, каму сапраўды была неабходная падтрымка, або былі расчараваныя рэакцыяй у сацсетках на свае адпаведныя пасты, або нават адчувалі сябе горш, чым да такіх публікацый, бо іх абвінавачвалі ў жаданні прыцягнуць да сябе ўвагу. І рэч не толькі ў існаванні інтэрнэт-троляў: нават парада, зробленая па-добраму, можа аказацца памылковай і нашкодзіць. 

Варта памятаць, што падтрымка часцей за ўсё даступная і ў рэальным жыцці, а не толькі ў інтэрнэце. Падтрымаць вас добрым словам, справай ці парадай могуць і людзі, якія побач з вамі, і псіхолагі. 

Калі ваш блізкі або сябар напісаў эмацыйны пост і шукае падтрымкі, не спяшайцеся абвінавачваць яго ў сэдфішынгу. Няма спосабу зразумець, чаму чалавек апублікаваў гэта, дзеля пошуку ўвагі ці праз сапраўдныя праблемы. Таму да ўсіх такіх выпадкаў варта ставіцца сур'ёзна і падтрымліваць чалавека. Вы можаце проста напісаць яму ў прыват і прапанаваць пагутарыць, калі гэта будзе патрэбна.

Калі вы адказваеце на эмацыйныя пасты, лепш не абмяжоўвацца простым спачуваннем. Бывае, што трэба і запытаць у чалавека, чым вы можаце яму дапамагчы — калі вы дапамагчы здольныя.

Людзі, якія свядома займаюцца сэдфішынгам, мусяць разумець, што такім чынам яны шкодзяць здароўю іншых. Пасты з вельмі эмацыйным зместам, напрыклад, гісторыі пра цяжкія хваробы, могуць прымусіць тых, хто будзе гэта чытаць, адчуваць трывогу, псіхалагічны і нават фізічны стрэс. Часам у сацсетках сапраўды можна знайсці падтрымку, але няшчырыя пасты могуць прынесці больш шкоды, чым карысці.

Няма нічога дрэннага ў тым, каб дзяліцца ў інтэрнэце сваімі праблемамі ці шукаць увагі. Але варта разумець, што матывуе вас так сябе паводзіць, каб не прапусціць праблемы, якія патрабуюць дапамогі спецыяліста.

Чытайце таксама:

Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?

У Брэсце ёсць свая Барбі. Яна рассякае па горадзе на ружовым BMW F30

«Чырвона-зялёных сцягоў стала больш, але да іх хутка прывыкаеш». Беларусы, якія вярнуліся з эміграцыі назад у Мінск, расказалі пра свае адчуванні

Клас
19
Панылы сорам
10
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?