Прывезеныя ўкраінскія дзеці на мінскім чыгуначным вакзале. Ілюстрацыйны здымак. Фота: БелТА
Улады Катара паспрыялі вяртанню 4 украінскіх дзяцей на радзіму з Расіі. Працэс вяртання пачнецца ўжо на гэтым тыдні, паведамілі на ўмовах ананімнасці крыніцы агенцтва Reuters.
Гаворка ідзе пра траіх хлопчыкаў 9, 7 і 2 гадоў і адну 17-гадовую дзяўчыну. Ва Украіну іх будуць суправаджаць катарскія дыпламаты.
Адбывацца гэта будзе ў тым ліку праз Беларусь.
«Гэта толькі першы крок і вынік некалькіх месяцаў таемных перамоваў паміж Украінай і Расіяй. Украіна звярнулася да Катара па дапамогу ў пасярэдніцтве ў вяртанні дзяцей дадому, а расійскі бок падзяліўся спісам тых, хто можа вярнуцца ва Украіну.
Катарскія дыпламаты будуць суправаджаць 4-х дзяцей дадому праз Латвію, Эстонію, Беларусь, альбо праз сам Катар. Пакуль не зразумела, ці дазволіць Расія і іншым дзецям вярнуцца такім жа чынам», — заявілі агенцтву Reuters катарскія чыноўнікі, знаёмыя з сітуацыяй.
Нагадаем, што незаконны вываз дзяцей з акупаваных расійскімі войскамі тэрыторый Украіны згадваецца сярод злачынстваў, за якія дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Міжнародны крымінальны суд у Гаазе разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі.
Тое, што Лукашэнка асабіста заангажаваны ў працэс вывазу ўкраінскіх дзяцей, прызнаваў Аляксей Талай, фонд якога займаецца гэтай справай.
«Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбаса ў Беларусі», — казаў ён у інтэрв'ю БелТА.
За час вайны больш за 2000 украінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі прввезеныя з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў лагеры на тэрыторыі Беларусі.
У гэтым працэсе ўдзельнічалі беларускія і расійскія праўладныя грамадскія арганізацыі.
Ва Украіне і на Захадзе прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Расію і Беларусь трактуецца як ваеннае злачынства.
Міжнародны крымінальны суд менавіта за гэта выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай.
Чытайце таксама:
Дыпламаты ЕС не паехалі ў прапагандысцкую паездку да ўкраінскіх дзяцей у Наваполацк
Міжнародны Чырвоны Крыж патрабуе звольніць Шаўцова. У выпадку адмовы — спыніць фінансаванне
Падаляк пра контрнаступ: Мы адстаем ад графіка на шэсць-дзевяць месяцаў