Уладзімір Мацкевіч. Фота: churchby.info

Уладзімір Мацкевіч. Фота: churchby.info

«Шмат чытае, карыстаецца турэмнай бібліятэкай. Самае галоўнае, што вярнуўся да навуковай дзейнасці — піша кнігу па філасофіі. Значыць, у псіхалагічным сэнсе захоўвае ўстойлівасць», — паведаміла «Радыё Свабода» пра стан Уладзіміра Мацкевіча дасведчаная крыніца.

Восьмы месяц стваральніка навучальнай арганізацыі «Лятучы ўніверсітэт» утрымліваюць у турме № 4 у Магілёве.

Туды ён трапіў па рашэнні суда Шклоўскага раёна пасля некалькіх тэрмінаў у ШІЗА і трох месяцаў у ПКТ шклоўскай калоніі. У выніку стан здароўя палітвязня пагоршаў, і ў жніўні ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Калодзішчах яму зрабілі поласцевую аперацыю.

Турэмны рэжым азначае для зняволенага шэраг дадатковых абмежаванняў у параўнанні з калоніяй, у тым ліку пастаяннае ўтрыманне ў памяшканні.

«Сядзіць не ў адзіночцы. Некалькі разоў памянялі камеру. Цяпер апынуўся ў нейкай малой камеры, дзе рухацца складана. Прагулкі ёсць, але няма званкоў», — падзялілася абазнаная крыніца і працытавала словы самога Уладзіміра Мацкевіча пра ўмовы, у якіх ён апынуўся.

«Ён жартаўліва казаў пра сябе: «Трэба навучыцца жыць раслінным жыццём». Але на колькі яго хопіць? Інтэлектуальна на шмат, а вось фізічна? Уявіць цяжка», — пракаментавала сітуацыю са здароўем Уладзіміра Мацкевіча крыніца.

***

Уладзіміру Мацкевічу 67 гадоў. Яго арыштавалі ў жніўні 2021 года і змясцілі ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. У лютым наступнага года ён цягам 13 дзён трымаў галадоўку пратэсту супраць незаконнага, як ён лічыў, арышту.

У чэрвені 2022 года філосаф быў асуджаны на 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Мацкевіча прызналі вінаватым паводле артыкулаў аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання, абразе Лукашэнкі і групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Мацкевіча палітвязнем.

Чытайце таксама:

Філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі пасля аперацыі з бальніцы назад у турму

«Была шчаслівая пабачыць зоркі і Месяц». Валерыя Касцюгова ў калоніі працуе на швейнай вытворчасці

Журналіст Андрэй Аляксандраў у калоніі схуднеў на 40 кілаграмаў

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
19
Абуральна
24