Ілюстратыўны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстратыўны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Эксперт даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна адзначае, што нізкія цэны — не адзіная праблема, з якой сутыкаецца «Беларуськалій».

«Праз санкцыі ў першую чаргу моцна ўскладнілася лагістыка. Калі раней дастаўка ажыццяўлялася ў асноўным праз Літву (90%), то цяпер усё перанакіравана ў расійскія парты. Гэта робіць ужо самі лагістычныя магчымасці абмежаванымі, паколькі ні чыгуначная ні партовая інфраструктура не былі гатовыя да гэтага.

Улады працуюць над тым, як павысіць правазную магутнасць чыгункі да партоў у РФ, а таксама пашырыць магчымасці саміх партоў. Але на гэта патрабуецца час», — тлумачыць эксперт.

Таксама эканаміст адзначае, што з улікам таго, што калій з'яўляецца падсанкцыйным таварам, «Беларуськалію» даводзіцца рабіць дадатковыя зніжкі на сваю прадукцыю. 

Які ён, памер гэтых зніжак, — дакладна невядома, але калі абапірацца на дадзеныя за мінулы год, то гаворка ішла аб дысконце 30—60% ад сусветных цэн.

Разам з тым змяняецца і геаграфія продажаў. Цяпер асноўным рынкам збыту з'яўляецца Кітай. Беларусь стала галоўным пастаўшчыком калійных угнаенняў на кітайскі рынак. Па выніках дзевяці месяцаў 2023 года Кітай заплаціў за прадукцыю «Беларуськалія» каля 1,25 млрд даляраў (+505 млн даляраў да ўзроўню студзеня-верасня 2022 года).

Днямі стала вядома, што Беларусь і Іран уклалі дамову на пастаўкі калійных угнаенняў. Размова ідзе аб пастаўках 400 тысяч тон. Па якіх цэнах будзе пастаўляцца ўгнаенне — не называлася.

Пры гэтым, эксперт адзначае, што нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, улады ўсё роўна заяўляюць аб намерах павялічыць аб'ёмы здабычы.

«Сёлета хочуць нарасціць аб'ёмы здабычы да 8 млн тон, тым самым хочучы наблізіцца да даваенных паказчыкаў. Прычым, як самі ўлады прызнаюцца — галоўнае для іх цяпер гэта аб'ём, а не кошт».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Беларуськалій»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Беларуськалій»

Настасся Лузгіна не выключае, што «Беларуськалій» не ставіць больш высокую планку па аб'ёмах здабычы, паколькі гэтага не дазваляе лагістычная інфраструктура.

«У цяперашніх умовах яны гатовыя прадаваць з мінімальнай рэнтабельнасцю або нават без яе. Ёсць неабходнасць выплочваць заробкі і атрымліваць прыток валюты ў краіну, таму рэнтабельнасць стаіць не на першым плане», — лічыць эксперт.

Эканаміст называе такую мадэль гандлю неэфектыўнай, але паступаць інакш канцэрн не можа, паколькі краіны, якія ідуць на рызыкі, працуючы з Беларуссю, павінны атрымліваць за гэта кампенсацыю ў выглядзе дадатковага дысконту. У адваротным выпадку ў іх знікне цікавасць да закупак у Беларусі.

Па словах Лузгіной, сітуацыя вакол калію, якая склалася, аказвае значны негатыўны ўплыў на эканоміку Беларусі, паколькі экспарт калійных угнаенняў з'яўляецца важнай крыніцай даходу. Да 2022 года на долю Беларусі ў сусветным гандлі калійнымі ўгнаеннямі прыпадала 20%. Да ўвядзення санкцый Беларусь займала трэцяе месца ў свеце, саступаючы толькі Канадзе і Расіі.

У 2022 годзе доля Беларусі ў сусветным гандлі калійным ўгнаеннямі скарацілася прыкладна на 9%. 

Асноўнымі праблемамі для «Беларуськалія» з'яўляюцца менавіта складанасці з лагістыкай і неабходнасць рабіць вялікія дадатковыя зніжкі. Бо цяперашнее падзенне цэнаў — гэта хутчэй вяртанне да звычайных коштаў, а не глабальнае прасяданне. Паколькі, апроч анамальнага 2022 года, цэны за тону ўгнаенняў цягам апошніх пяці год былі досыць стабільнымі і вагаліся ў межах 215—265 даляраў за тону.

У справаздачы за 3 квартал кампаніі Mosaic, якая таксама з'яўляецца пастаўшчыком калійных угнаенняў на сусветны рынак, прагназуецца зніжэнне аб'ёмаў экспарту «Беларускалія» ў 2023 годзе на 3—4 млн. тон у параўнанні з дасанкцыйным перыядам.

«Аднак з дакладнасцю ацаніць страты не ўяўляецца магчымым, паколькі дзяржава хавае гэтыя паказчыкі. Але праблемы з лагістыкай, зніжэнне сусветных цэнаў і неабходнасць рабіць дадатковыя зніжкі вядуць да малаэфектыўнасці гэтай галіны», — мяркуе эксперт.

Чытайце таксама: 

«Дзве сістэмы тармажэння». Чаму адбылася аварыя на шахце «Беларуськалія»

МЗС: Не будзем біцца галавой аб бетонную сцяну на Захадзе, а знойдзем іншыя рынкі збыту

«Аўтабізнэс» скончыўся. Што за выданне гэта было

Даляр за месяц патаннеў на 19 капеек 

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?