Прэмʼер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху. Фота: Sean Gallup / Getty Images

Прэмʼер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху. Фота: Sean Gallup / Getty Images

«У тэрарыстаў не засталося бяспечнага месца, каб схавацца… Мы знішчым ХАМАС і выратуем нашых закладнікаў», — сказаў прэмʼер на прэс-канферэнцыі ўвечары 11 лістапада.

Нетаньяху адзначыў, што ЦАХАЛ будзе заставацца ў сектары Газа столькі, колькі гэта неабходна, каб не дапусціць выкарыстання анклава для тэрарыстычных нападаў супраць Ізраіля. «ХАМАС будзе дэмілітарызаваны. Для Ізраіля больш не будзе пагроз з боку сектара Газа. І каб гарантаваць гэта, ЦАХАЛ будзе кантраляваць бяспеку Газы столькі, колькі спатрэбіцца, каб перадухіліць тэрор адтуль», — заявіў ён.

Таксама прэмʼер выступіў супраць перадачы кантролю над сектарам Газа Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі на Заходнім беразе Іардана, якую ўзначальвае Махмуд Абас. Кіраўнік ізраільскага ўрада адзначыў, што палесцінскі лідар дагэтуль не асудзіў нападу ХАМАС на Ізраіль.

«Там не будзе грамадзянскай улады, якая вучыць сваіх дзяцей ненавідзець Ізраіль, забіваць ізраільцянаў ці знішчаць Ізраіль. Там не можа быць улады, якая плаціць семʼям забойцаў. Не можа быць улады, якая не асудзіла разню праз 30 дзён. Павінна быць нешта іншае, але ў любым выпадку пад нашым кантролем бяспекі. Я стаю на гэтым і не збіраюся здавацца», — падкрэсліў Нетаньяху.

Ён таксама заявіў, што ХАМАС страціў кантроль над поўначчу сектара Газа і што спынення агню не будзе без вызвалення закладнікаў.

Тэрарысты палесцінскага руху ХАМАС напалі на Ізраіль 7 кастрычніка, забіўшы 1200 чалавек і ўзяўшы ў закладнікі каля 240 чалавек. Армія абароны Ізраіля ў адказ на атаку пачала наносіць авіяўдары па сектары Газа, а затым увайшла на палесцінскую тэрыторыю, пачаўшы наземную аперацыю. Паводле даных палесцінскага боку, у сектары Газа з 7 кастрычніка загінулі больш за 11 тысяч чалавек.

Клас
18
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0