Карэл Шварцэнберг з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім у 2014 годзе

Карэл Шварцэнберг з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім у 2014 годзе

Памёр былы міністр замежных спраў (2007—2009, 2010—2013) і ганаровы старшыня ліберальна-кансерватыўнай партыі TOP 09 Карэл Шварцэнберг.

Выданне Echo24 са спасылкай на крыніцу ў сям’і Шварцэнберга піша, што апошнія двое сутак палітык знаходзіўся ў цяжкім стане і ў рэжыме штучнага сну.

Шварцэнберга шмат разоў вымушаныя былі шпіталізаваць з-за нявызначаных праблем са здароўем. Але ён меў зносіны з журналістамі падчас знаходжання ў шпіталі — на мінулым тыдні ён каментаваў прысуд былому дэпутату TOP 09 Дамініку Фэры.

28 кастрычніка Шварцэнберг не ўдзельнічаў у цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, калі прэзідэнт краіны Петр Павел узнагародзіў яго ордэнам Белага Льва. Ордэн для яго прыняў сын Ян.

Шварцэнберг, вядомы ў палітычных і грамадскіх колах як Прынц, нарадзіўся ў Празе ў 1937 годзе. Дзяцінства правёў у Паўднёвай Чэхіі. Пасля камуністычнага перавароту ў 1948 годзе маёмасць яго сям’і сканфіскавалі, прылічыўшы род да «непажаданай арыстакратыі», і Шварцэнбергі схаваліся ў суседняй Аўстрыі.

Шварцэнберг не забываў сваёй радзімы нават у віры грамадскага жыцця Вены. У адным са сваіх замкаў ён заснаваў Чэхаславацкі дакументацыйны цэнтр — архіў забароненай на той час літаратуры. У 1984 годзе ён стаў старшынёй Міжнароднага Хельсінкскага камітэта правоў чалавека, займаўся падтрымкай чэхаславацкага дысідэнцтва.

Пасля 1989 году ён стаў на бок лідара «аксамітнай рэвалюцыі» Вацлава Гавела, з якім яго на той час ужо звязвала даўняе сяброўства. Улетку 1990 ён стаў канцлерам Гавела.

З 1996 году Шварцэнберг выдаваў уплывовы палітычны штотыднёвік Respekt.

Пік палітычнай кар’еры Карэла Шварцэнберга прыйшоўся на 2013 год, калі ён супрацьстаяў Мілашу Земану на прэзідэнцкіх выбарах. У 2015-м Земан, які перамог, заявіў, што «ва Украіне ідзе грамадзянская вайна», і гэта выклікала вострую крытыку, у тым ліку з боку Шварцэнберга, які назваў гэта адкрытай вайной Расеі супраць Украіны.

Карэл Шварцэнберг падтрымліваў дэмакратычную супольнасць Беларусі, паслядоўна крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі і выступаў супраць смяротнага пакарання. Увосень 2014 году ён наведаў Беларусь. Лічыў, што Еўропе варта было зняць санкцыі з афіцыйнага Менску пасля ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне.

У 2018-м Карэл Шварцэнберг крытыкаваў ідэю пабудовы рэстарацыі ў Курапатах пад Менскам. Ён прыгадаў у каментары «Свабодзе» гісторыю з Чэхіі, дзе быў падобны выпадак. Каля канцэнтрацыйнага цыганскага лагера часоў ІІ Сусветнай вайны ў Паўднёвай Чэхіі камуністы ў 70-я гады пабудавалі свінакомплекс. Гэта справакавала пратэсты, але шмат гадоў сітуацыя не вырашалася. Нарэшце ўрад выкупіў свінарнік ва ўладальніка, вырашыў знесці комплекс ды паставіць помнік.​

Івонка Сурвіла і Карэл Шварцэнберг, 25 сакавіка 2018 года

Івонка Сурвіла і Карэл Шварцэнберг, 25 сакавіка 2018 года

У 2018-м годзе Шварцэнберга ўзнагародзілі медалём да 100-годдзя БНР — «на знак прызнання заслугаў дзеля беларускай незалежнасці і дэмакратыі».

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
13
Абуральна
1