Усе фота: аv.by і з асабістага архіва герояў

 Усе фота: аv.by і з асабістага архіва герояў

— Мой бацька ўсё жыццё прапрацаваў у аўтобусным парку кіроўцам. Я, можна сказаць, вырас сярод аўтобусаў. У 17 гадоў паступіў на працу ў той жа аўтапарк вучнем аўтаслесара, потым стаў шафёрам, — раскрывае старонку свайго мінулага Валер. — Як і бацька, я прысвяціў пасажырскаму транспарту сваё працоўнае жыццё — у аўтапарку працую да гэтага часу. Таму любоў да аўтобусаў у мяне ў крыві. Але найбольш мне цікавая тэма грамадскага транспарту часоў СССР.

— Як у вас зʼявіўся ЛАЗ?

— Аднойчы выразна зразумеў, што хачу набыць асабісты аўтобус! Пачаў шукаць, у каго што засталося ў краіне з гэтай катэгорыі транспарту савецкай эпохі. Увесну 2018-га я патрапіў на адзін з брэсцкіх навучальных камбінатаў. Там і ўбачыў гэтага прыгажуна. Але была адна праблема: аўтобус зʼяўляўся ўласнасцю без права продажу. Трохгадовы тэрмін заканчваўся толькі праз год. Я пачаў ездзіць у іншыя гарады, шукаў варыянты. На жаль, пасажырскім рэтратранспартам у Беларусі амаль ніхто не займаецца. Бачыў некалькі ЛАЗаў-695Н і сёе-тое яшчэ, але ў выніку вырашыў пачакаць да наступнага года і выкупіць гэты ЛАЗ-699Р. Так і зрабіў. Аддаў за яго тады 1000 даляраў.

 

— Чым цікавая гэтая мадэль? 

— ЛАЗ-699 — савецкі міжгародні аўтобус вялікага класа, які выпускаўся Львоўскім аўтобусным заводам з 1964 па 2002 год. Масавы выпуск мадэлі ЛАЗ-699Р пачаўся ў 1983-м. Год выпуску майго асобніка, на жаль, не ўсталяваны. Але я мяркую, што 1990-ты. Па-першае, усе дэталі датаваны 1989 годам. А па-другое, з 1990-го на машынах гэтай мадэлі перасталі ўсталёўваць дзверы кіроўцы ў левым борце. Тут, як бачыце, іх ужо няма.

 

— Гэты аўтобус захаваўся ў максімальнай завадской камплектацыі. У салоне 41 камфартабельнае пасажырскае крэсла з рэгуляванымі спінкамі, засталіся тут таксама два адкідныя крэслы ля запаснога выхаду ў задняй навісі, што дзіўна, таму як звычайна іх проста выкідалі. Кожнае месца абсталявана індывідуальнай вентыляцыяй і асвятленнем.

 

— «Сэрцам» аўтобуса служыць усё той жа васьміцыліндравы чатырохтактны рухавік ЗІЛ-375Я5 з працоўным абʼёмам 7 літраў і V-падобным размяшчэннем цыліндраў. Магутнасць — 180 конскіх сілаў. Такі ж стаяў яшчэ на першых узорах ЛАЗ-699 пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэтая фарсіраваная версія 130-га матора атрымала мянушку «Абжора». На 100 кіламетраў шляху ён «есць» ад 35 да 50 літраў бензіну.

 

— Рулявы механізм аўтобуса абсталяваны гідраўзмацняльнікам, люфт рулявога кола — 100 мм. Сядзенне кіроўцы досыць зручнае для таго часу, яно ўсталёўвалася на рысоры, шафёр мог рэгуляваць яго індывідуальна для выгоды кіравання. ЛАЗ-699Р укамплектаваны пяціступеньчатай механічнай каробкай перадач і двухдыскавым сухім счапленнем, абсталяваным гідрапрывадам. Паліўны бак месціць 300 літраў. Аўтобус развівае хуткасць да 100 км/г. Сёння львоўскія «турысты» ўжо практычна не сустракаюцца на вуліцах, думаю, хутка іх можна будзе ўбачыць толькі ў музеях і прыватных калекцыях. 

— Якія аднаўленчыя працы вы зрабілі і якую суму прыйшлося ўкласці ў гэтую справу? 

— Працы было вельмі шмат, яна працягваецца і дагэтуль. Некаторыя часткі кузава і падвескі знаходзіліся ў настолькі жаласным стане, што ў галаве ў нейкае імгненне мільганула думка: «А яно мне трэба было?» Але думка на тое і думка — пранеслася і паляцела. Мы аднавілі кузаў, замянілі паржавелае жалеза і недзе шкло. Каб адрэстаўраваць кузаў, прыйшлося зняць лінолеум з падлогі, а таксама цалкам разабраць салон.

 

— На момант пакупкі аўтобус быў у сіне-белай фарбе. Падчас рамонту мы заўважылі пад ёй чырвоную. Пры рэстаўрацыі вырашылі вярнуць завадскі выгляд і пафарбавалі аўтобус у чырвона-белыя колеры. У руля працэсу аднаўлення знаходзіцца мой таварыш Аляксандр: ён і зваршчык, і бляхар, і маляр; я на дапаможных працах. Грошай на рэстаўрацыю сышло ўжо каля $10 000. Але гэта далёка не мяжа.

 

— Дзе бераце дэталі для такога рэдкага асобніка? 

— Як толькі купіў гэты аўтобус, я перш за ўсё абʼездзіў сваіх былых калег-кіроўцаў, цяпер пенсіянераў: раптам у кагосьці закачалася ў гаражы што? І праўда, такім чынам удалося здабыць сякія-такія кампаненты. Так, у майго былога партнёра аказалася шмат цікавых штучак для ЛАЗа. Напрыклад, зусім новае завадское люстэрка задняга віду, а таксама люстэрка для салона менавіта лазаўскага. 

Штосьці знаходзім дзякуючы інтэрнэту, сацсеткам і знаёмствам з удзельнікамі аўтамабільных рэтраклубаў. На абшарах інтэрнэту адшукаў, у прыватнасці, радыёпрымач 1989 года выпуску. Ды і ў Аляксандра вялікі ўласны склад розных дэталяў, ён «рарытэтчык» па жыцці, гэтая страсць яму перадалася ад бацькі. Так збіраем нітка да ніткі і аднаўляем. Дарэчы, мне ўдалося знайсці ў сеціве і набыць нават савецкую інструкцыю па эксплуатацыі аўтобусаў ЛАЗ-699Р, якая вельмі дапамагае ў працэсе рамонту.

 

— Як сямʼя ставіцца да вашага незвычайнага захаплення? 

— Жонка, вядома, не ў захапленні, таму што мяне ніколі дома няма. Выхадныя — я заняты аўтобусам, водпуск — я зноў да аўтобуса…

— А што за форма на вас? 

— Гэта сапраўдная форма кіроўцаў аўтобусаў эпохі СССР. Адна мая, другая яшчэ ад бацькі дасталася. Дарэчы, сцяжкі і вымпелы ў салоне таксама ўсё яшчэ з савецкіх часоў.

 

— Як вы карыстаецеся ЛАЗам сёння?  

— На дадзены момант мы часам выязджаем на выставы рэтрааўтамабіляў. Аўтобус ужо пабываў на здымках некалькіх фільмаў. У мінулым годзе ён зацікавіў рэжысёраў серыяла «ГДР», які здымаўся ў аэрапорце Брэст. А нядаўна мы ездзілі на ЛАЗе ў Мінск, машына ўдзельнічала ў стварэнні кіно пра футбаліста Фёдара Чаранкова.

У планах працягваць працу над аўтобусам. Хочацца, каб ён часцей выязджаў на дарогу, выкарыстоўваўся не толькі як рэтраэкспанат, але і па прамым сваім прызначэнні — як транспартны сродак.

А яшчэ ў мяне ёсць мара — арганізаваць гістарычны музей пасажырскай тэхнікі на базе нашага аўтобуснага парка. Пакуль яна цяжка здзяйсняльная, але я не губляю надзеі, што калі-небудзь яна споўніцца, і пастараюся прыкласці для гэтага ўсе намаганні.

Клас
48
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5