Аляксей «Дэн» Кавальчук Aleksei

Аляксей «Дэн» Кавальчук. Скрын відэа malina_by / YouTube

Да вайны Аляксей Кавальчук працаваў у Мінску інструктарам па грэблі і барменам, а чатыры месяцы ўзімку — інструктарам па сноўбордынгу і барменам у Букавелі (Заходняя Украіна). З пачаткам вайны пайшоў добраахвотнікам на фронт. У Палку Каліноўскага ён стаў штурмавіком.

«Рускія мяне радыкалізавалі»

Як заўважае Кавальчук, яму даводзіцца працаваць з праціўнікам на блізкіх дыстанцыях. Тое, што ён пабачыў на вайне з расійскага боку, кардынальна змяніла яго стаўленне да суседняй краіны. Цяпер, калі ён чуе слова «Расія», у яго «дыбам устаюць валасы»:

«Яны мяне радыкалізавалі. Я стаў не русафобам, а русаненавіснікам. Гэта дзікуны з палкамі, якія чыняць такую чарнягу. Я не думаў, што людзі здольныя на такое. Па вялікім рахунку брацкія людзі, такія ж, як і мы.

Я не адчуваў сябе ні рускім, ні беларусам, ні ўкраінцам. Я адначасова і рускі, і беларус, і ўкраінец. Я — рускамоўны чалавек. І як так магло стацца, што за два гады вайны з мяне нармальнага зрабілі нацыяналіста. Я люблю ўсё ўкраінскае. Жоўта-блакітнае для мяне стала блізкім і родным».

Пазней Кавальчук дадае, што сярод расіян ёсць «вельмі цікавыя, інтэлігентныя людзі. Але іх так катастрафічна мала».

Пра расійскае войска

Штурмавік адзначае, што ў расійскай арміі ёсць спецпадраздзяленні, у якіх чоткія хлопцы, прафесіяналы. «Але па вайне, па адносінах да тэхнікі, рыштунку, яны такія неахайныя», — лічыць баец. 

Па словах Кавальчука, ён неаднойчы сутыкаўся з нерацыянальным выкарыстаннем праціўнікам сілаў і сродкаў:

«Калі жывая сіла праціўніка ідзе на заведама забойную аперацыю з іх боку. Часам гэта выклікае нейкае здзіўленне. І ў людзей на полі бою і на КСП (месцы кіравання боем) гэта выклікае збянтэжанасць. Яны не вераць, што такое можа быць. Настолькі нерацыянальная і правальная пастаўлена задача — проста пайсці і памерці».

Па словах байца, цяпер увесь свет бачыць, што пытанне, якое месца займае расійская армія ў іерархіі армій свету, не стаіць. «Расійская армія, па вялікім рахунку, ужо ніякая армія. Усё, што ў іх засталося, па вялікім рахунку, гэта невялікі кангламерат спяцоў, якіх яшчэ не пазабівалі, і ядзерная зброя для стрымлівання».

Што такое вайна

Кавальчук дзеліцца: на пачатку вайны было вялікае пачуццё абурэння, усім хацелася хутчэй ваяваць, але цяпер адносіны змяніліся.

«Шмат хто думаў, што вайна хутка скончыцца, мы хутка дамовімся (бо гэта ў галаве не ўкладваецца, як такое будзе), а шмат хто так ні разу і не зарубіцца. І гэта было так — «дайце мне кулямёт, дайце мне аўтамат, гранатамёт, хутчэй на задачу». Немагчыма было трэніравацца і сядзець у залі. Былі пастаянныя трэніроўкі. Хацелася хутчэй на баявыя, самому прымаць у гэтым непасрэдны ўдзел.

Цяпер людзі трохі астылі, ніхто не хоча быць кулямётчыкам, усе хочуць быць у штабе начальнікам прынтара. Прынамсі не ўсе, але шмат хто астыў.

Таму што, калі ў цябе чатыры кантузіі, поўны твар аскепкаў, парэзаны ўсе ногі, рукі, калені, у сцёгнах кулі сядзяць, яшчэ нешта, ты разумееш, што яно вось так пралятала, раз, два, тры, чатыры, пяць разоў. Калі ты не мог нешта зрабіць, бо ў цябе рукі ў крыві. 

Калі ты з чалавекам сядзеў, смяяўся, а вось ён з адарванай паловай твару ляжыць. Не ва ўсіх гэта ўкладваецца ў галаве. Не ўсе могуць з гэтым жыць, працягваць у такім рэжыме працаваць. Псіхіка гарыць, і разуменне таго, што вось ты ёсць, і хлоп, у секунду цябе няма. Ці хлоп, і ты без ног».

Баец адзначае, што напярэдадні інтэрв'ю ён атрымаў паведамленне, што адзін з яго сяброў загінуў.

«Я не магу назваць яго імя. Гэта беларус. Чалавек з вялікай літары, які таксама прыехаў сюды ваяваць за Украіну і быў тут з самых першых дзён вайны. А ў мяне яшчэ ў тэлеграме ад яго непрачытаныя паведамленні. Я яму не паспеў адказаць. Чалавека няма, а паведамленні вісяць».

Пра расійскіх палонных

Кавальчук распавядае, што не аднойчы камунікаваў з расійскімі палоннымі. 

«Першыя палонныя распавядалі, што едуць на вучэнні. Пра тое, што яны ва Украіне, даведаліся, толькі калі сюды прыехалі. Яны вымушаны былі абараняцца і нейкую сваю армейскую работу рабіць. І так яны патрапілі ў палон. Яны спрабавалі з сябе зрабіць ахвяру абставін. Быццам бы іх падманулі».

Баец згадвае, што пазней сярод палонных трапляліся ідэйныя расіяне: «У Запарожскай вобласці быў адзін спецназавец. Ён вельмі жорстка з намі размаўляў. І вось ён такі ідэйны, верыць у тое, што ён усё правільна робіць, што ён на сваім месцы, што прыйшоў забіваць нацыстаў, якія нясуць нейкую пагрозу для яго радзімы».

Кавальчук адзначае, што з палоннымі ён вельмі шмат камунікуе. Яму цікава, што ў галаве ў праціўніка, якая ў яго матывацыя:

«Без матывацыі на вайне няма чаго рабіць. Калі твой матор не стукае, калі ў цябе зʼяўляюцца сумневы ў тым, што ты нешта робіш не так, то цябе лёгка разгайдаць, ты пачнеш сумнявацца, у цябе апусцяцца рукі».

Баец звяртае ўвагу на адну асаблівасць матывацыі расійскіх ваенных:

«Кантрактнікі і мобікі — гэта яшчэ адна магчымасць у Расіі выйсці з-за мяжы беднасці. Пры заключэнні кантракта яны атрымліваюць ад 2 да 6 тысяч даляраў аднаразовай выплаты. Гэтыя людзі ніколі не бачылі такіх грошай. Гэта ж можна і машыну купіць. А калі за паўгода не забʼюць, то можна яшчэ што-небудзь купіць, што ты раней не мог дазволіць.

Ты сядзеў з паўтарашкай піва каля падʼезда і наплёўваў сабе возера, а цяпер ты з такімі ж прыдуркамі едзеш «мачыць укропаў» і купіш сабе праз паўгады машыну. І ў іх гэта працуе таксама вельмі моцна. Зразумела, што, трапляючы ў палон, такі чалавек будзе табе распавядаць усё, што заўгодна. Што яго падманулі, што ён бедны і няшчасны мабілізаваны, аўтамат ні разу ў руках не трымаў. Выстраліў тры патроны на палігоне — і вось ён тут.

Да ўсяго, цяпер у Расіі ўтварылася такая ваенная субкультура. Я ведаю такіх людзей, для якіх галоўнае — «ехаць мачыць укропаў» — і без розніцы, нацысты яны ці не. Ім плацяць дзве тысячы баксаў у месяц і ён едзе «мачыць укропаў». Уяўляеш? Людзі проста едуць у іншую краіну забіваць іншых людзей. Нейкі каменны век».

Пра стаўленне да Лукашэнкі

Аляксей Кавальчук прызнаецца, што ў яго вельмі дзіўнае стаўленне да Лукашэнкі:

«Часам ён смешны. <…> Але насамрэч ён такі хітры і вельмі жорсткі дзед. Немагчыма гнуць дзесяць мільёнаў чалавек амаль трыццаць гадоў, не будучы пры гэтым не жорсткім, а вельмі бязлітасным і вельмі суровым чалавекам. Такіх, як Лукашэнка, трэба «біць і плакаць не даваць», як мне ў дзяцінстве казалі.

Я не магу сказаць, што жадаю яму смерці. Я ўжо казаў, што забіваць людзей — дрэнна. Але, на жаль, ёсць такая работа і яе павінен нехта рабіць. Каб нехта гэту работу зрабіў, было б усім лепш і лягчэй».

На пытанне пра тое, што зрабіў бы, каб яму прапанавалі такую работу, Кавальчук адказаў: 

«Я ніколі ў жыцці не ваяваў з няўзброенымі людзьмі. Падчас бою гэта адбываецца натуральным чынам. Я не хацеў бы ліквідаваць чалавека без зброі, які канкрэтна мне не стварае ніякай пагрозы.

Адна справа быць ваенным, а іншая — быць карнікам. Карнікам я бы не змог быць. Але, каб ён хаваўся з калашом у пасадцы, я б з ім з задавальненнем пастраляўся. Каб я ведаў, што ў гэтай пасадцы сядзіць Лукашэнка, я б у гэтую пасадку бег так, што мяне б трымалі капец як».

Чытайце таксама:

«Мой пазыўны Фокс». Полк Каліноўскага стварае новы батальён

Камандзірка эвакуацыі пакідае полк Каліноўскага

«У мяне на руках памерлі «Волат» і «Брэст». Беларускі парамедык «Бровар» расказаў пра свае паўтара года на вайне

Клас
82
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
10
Сумна
8
Абуральна
18