Першы раз Ігара Неміровіча затрымалі на пачатку мая 2022 года і адразу змясцілі пад хатні арышт, але ён збег і з'ехаў.

Восенню гэтага года ён звярнуўся ў камісію па разглядзе зваротаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, і вярнуўся дадому, але гэты факт не прызналі «безумоўнай падставай для высновы аб яго раскаянні».

27 верасня 2023 года яго зноўку затрымалі і змясцілі пад варту.

Згодна з версіяй абвінавачвання, 10 жніўня 2020 года Ігар Неміровіч размясціў у інстаграме фота з тэкстам, які «ў непрыстойнай форме прыніжае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі».

На працэсе Ігар віну прызнаў цалкам і распавёў, што з мая да жніўня 2020 года ён не жыў у Беларусі. Пра падзеі, якія адбываліся на радзіме, берасцеец даведваўся са сродкаў масавай інфармацыі.

«Паддаўшыся негатыўным эмоцыям», ён размясціў у сацыяльнай сетцы Instagram фотавыяву «абразлівага характару» ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Раней, пры допыце яго ў якасці абвінавачанага, ён адмаўляў сваё дачыненне да гэтага, «паколькі баяўся магчымага надыходу крымінальнай адказнасці». Але, паводле Неміровіча, па сканчэнні пэўнага часу ён «усё пераасэнсаваў».

З матэрыялаў справы стала вядома, што выяву з Лукашэнкам міліцыянты знайшлі на старонцы Неміровіча 28 сакавіка 2022 года, бо тая сторыз ад 10 жніўня 2020 года была замацавана ў «актуальных». 

Суддзя Марыя Аліферук прызначыла Ігару Неміровічу адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Чытайце таксама:

У панядзелак — суд над дзяўчынай, што вярнулася з Польшчы. Яе вінавацяць па васьмі артыкулах КК

Генпракуратура распавяла пра чарговае пасяджэнне «камісіі па вяртанні»

Клас
4
Панылы сорам
69
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
27