Телеграм-канал

Скрын відэа: BYPOLofficial / YouTube

На хвалі грамадзянскай актыўнасці летам 2020 года беларусы стыхійна абʼядналіся і стваралі шматлікія рэсурсы ў тэлеграме яшчэ да выбараў. Гэта быў адказ на перадвыбарчае беззаконне і арышты патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. На вуліцы гарадоў выехалі сотні кіроўцаў, якія сігналілі і так выказвалі сваё абурэнне.

16 ліпеня 2020 года ўзнік тэлеграм-канал «Кіроўцы 97». Рэсурс абʼядноўваў кіроўцаў усіх транспартных сродкаў і налічваў больш за 5 тысяч падпісчыкаў. Канал дапамагаў аўтааматарам каардынавацца падчас мірных пратэсных акцый. Там жа размяшчалася інфармацыя аб фальсіфікацыі выбараў, пратэстах, гвалце сілавікоў. А ў 2021 годзе — аб арганізацыі рэжымам незаконнай міграцыі ў краіны Еўрасаюзу.

Хутчэй за ўсё, ГУБАЗіК звярнуў увагу на кіроўцаў летам у першыя ж дні існавання канала. Байпол звяртае ўвагу на адну важную акалічнасць.

Супрацоўнікам ГУБАЗіК у маі 2020 года былі выдадзены дакументы прыкрыцця на імёны супрацоўнікаў розных службаў РУУС Мінска. Займаючыся палітычнымі крымінальнымі справамі, яны выкарыстоўвалі менавіта гэтыя дакументы, таму многія актывісты не ведаюць, якая служба рэальна іх затрымлівала.

Мяркуючы па ўсім, гаворыцца ў матэрыяле Байпол, за некаторымі актывістамі ўсталявалі назіранне. І неўзабаве па матэрыялах ГУБАЗіК генеральны пракурор завёў крымінальную справу ў дачыненні да адміністратара канала «Кіроўцы 97».

Телеграм-канал

Пратакол агляду тэлеграм-канала «Кіроўцы 97». Скрын відэа: BYPOLofficial / YouTube

Першыя актывісты, якія мелі дачыненне да адміністравання канала, былі затрыманыя неўзабаве пасля складання пратакола агляду тэлеграм-канала «Кіроўцы 97». Першым 22 верасня быў затрыманы Дзяніс Гуцін.

Наступнай затрымалі Таццяну Шкробат. Пад ціскам яна пайшла на супрацоўніцтва і дала доступ да свайго тэлефона і адміністравання канала.

Старшы аперупаўнаважаны трэцяга аддзелу пятага ўпраўлення ГУБАЗіК па Мінску Ігар Бушыла дабіўся ў яе згоды стаць тайным супрацоўнікам, узяўшы адпаведную падпіску. Як высветлілася, Шкробат пад кантролем супрацоўнікаў ГУБАЗіК прызначала сустрэчы з актывістамі Завадскога раёну гораду Мінска, якіх бралі пад назіранне, а пасля высвятлення асобы затрымлівалі.

28 верасня была затрымана Ганна Вішняк. Ёй выставілі абвінавачанне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу. Жанчына дала доступ да свайго тэлефона і адміністравання канала «Кіроўцы 97».

4 лістапада 2020 года затрымалі Вікторыю Кульшу. У распараджэнні Байпол аказаўся запіс размовы намесніка начальніка ГУБАЗіК Міхаіла Бедункевіча з жанчынай. З гутаркі становіцца зразумела, што Вікторыя паспела пазбавіцца свайго тэлефона. Таму доказаў яе нібыта злачынстваў на той момант у сілавікоў не было — акрамя яе ніка ў спісе адміністратараў і асобных паведамленняў.

Телеграм-канал

Відэа размовы Міхаіла Бедункевіча з Вікторыяй Кульша. Скрын відэа: BYPOLofficial / YouTube

Бедункевіч настойліва прапаноўваў Вікторыі супрацоўніцтва ўзамен на магчымую змену меры стрымання. У выпадку адмовы Бедункевіч пагражаў тэрмінам. Вікторыя ад прапановы адмовілася.

4 чэрвеня 2021 года ў судзе Заводскага раёна Мінска абвесцілі прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала «Кіроўцы 97». Слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Пракурор Аляксандр Кароль папрасіў пакараць Гуціна, Кульшу і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, двума гадамі і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таццяну Шкробат, якая супрацоўнічала са следствам і прызнала віну, трыма гадамі хатняй хіміі. Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Жанна Хвайніцкая.

Дзяніс Гуцін выйшаў на волю 25 кастрычніка 2022 года. Ганна Вішняк вызвалілася 25 лістапада таго ж года. За гэты час адміністрацыя калоніі наклала на яе 16 дысцыплінарных спагнанняў.

Вікторыя Кульша на волю так і не выйшла. Яе яшчэ двойчы судзілі па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). За 2023 год у ШЫЗА і ПКТ яна правяла больш за сто дзён. Нядаўна ў жанчыны выявілі анкалагічнае захворванне.

Чытайце яшчэ:

Затрымалі яшчэ аднаго адміністратара Telegram-канала «Кіроўцы 97»

Супраць Вікторыі Кульшы хочуць завесці трэцюю запар крыміналку за «непадпарадкаванне адміністрацыі»

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў змяшчалі ў ШІЗА

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
10
Абуральна
74