Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Летась толькі ў Польшчы амаль тры тысячы беларусаў атрымалі грамадзянства. Польшча з'яўляецца лідарам сярод замежных краін па гэтым паказчыку. Але па некалькі дзясяткаў беларусаў штогод атрымліваюць пашпарты і іншых краін ЕС. Напрыклад, грамадзянамі Літвы за 2019-2022 год сталі амаль 200 беларусаў. (24-67 чалавека ў год).

Пагаварылі з тымі, хто атрымаў замежны пашпарт, пра тое, на што гэта паўплывала.

«Адчуваеш сябе не «панаехаўшым»

Максім з сям'ёй жыве ў Польшчы з 2018 года, праз тры гады ён разам з жонкай і дзецьмі атрымаў польскае грамадзянства.

«Яшчэ да пераезду ў Польшчу на ПМЖ у нас былі карты паляка, таму атрымаць сталы побыт (пастаянны ДНЖ. — НН) для нас было проста. Многія знаёмыя на гэтым спыняюцца, бо для атрымання грамадзянства трэба прыкласці дадатковыя высілкі.

Але мы адразу паставілі сабе мэту, што будзем гэта рабіць, як толькі пражывём год па ДНЖ», — кажа суразмоўца.

Спачатку сям'я хацела як мага хутчэй атрымаць пашпарт дзеля таго, каб пасля з'ехаць жыць у Іспанію. Але з часам планы змяніліся.

«За гэты час мы даволі добра ўладкаваліся ў Польшчы, ды і для дзяцей новы пераезд быў бы дадатковым стрэсам, таму вырашылі заставацца ў Польшчы».

Максім прызнаецца, што толькі пасля атрымання грамадзянства ён стаў адчуваць сабе ў Польшчы максімальна камфортна.

«Ты пачынаеш адчуваць сябе паўнавартаснай ячэйкай грамадства, а не «панаехаўшым». Асабліва добра гэта адчувалася, калі пачалася вайна. У цябе няма ніякіх абмежаванняў і прыгнёту праз тваё грамадзянства. Ты можаш без дадатковых пытанняў адкрыць рахунак у любым банку, працаўладкавацца куды хочаш.

На працы ты будзеш упэўнены, што працадаўца не падмане цябе, як можа гэта зрабіць з іншаземцам», — кажа Максім.

Таксама мужчына дадае, што пры атрыманні грамадзянства яны змянілі правапіс імён і прозвішча на польскі лад.

«У дзіцяці былі да гэтага пэўныя нязручнасці ў школе, бо настаўнікі не разумелі, як правільна чытаць імя і прозвішча. Атрыманне грамадзянства вырашыла гэтую праблему».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Атрымаў пашпарт — змяніў працу

Іншы суразмоўца, нягледзячы на наяўнасць польскага пашпарта, працягвае жыць у Беларусі, хоць фактычна большасць часу праводзіць у Еўропе, бо працуе дальнабойшчыкам.

«Да атрымання польскага грамадзянства шмат гадоў працаваў у польскіх фірмах. За месяц атрымлівалася зарабляць ад 1500 да 2000 еўра. У 2022 годзе, калі атрымаў польскае грамадзянства, адразу пачаў шукаць працу ў Германіі. Цяпер за тую саму працу атрымліваю 3000 тысячы еўра, у асноўным працую па Германіі».

Грамадзянства толькі праз 12 гадоў

У адрозненні ад папярэдніх суразмоўцаў, шлях да атрымання польскага грамадзянства ва Уладзіслава быў куды больш працяглы, бо мужчына не мае польскіх каранёў.

«Польскі пашпарт я атрымаў толькі пасля 12 гадоў жыцця і працы ў Польшчы. Давялося спачатку жыць з часовым ДНЖ, пасля з пастаянным. У выніку сышло больш за 12 гадоў», — згадвае мужчына.

Па ягоных словах, атрыманне польскага пашпарта перш за ўсё прыдало яму ўпэўненасці і спакою. Гэта гарантыя таго, што ты ўжо пры любых абставінах застанешся жыць у Польшчы.

«Жыццё з ДНЖ, асабліва часовым — не надта стабільная рэч. Грамадзянства атрымліваеш на ўсё жыццё, яго не трэба працягваць. Ты можаш працаваць, а можаш не працаваць. Хочаш — жыві ў Польшчы, а хочаш — з'язджай у любую іншую краіну ЕС. Гэта дадае пачуцця свабоды», — кажа Уладзь.

«Чакаем польскі пашпарт, каб асесці ў Бельгіі»

Як паказвае практыка, беларусы імкнуцца атрымаць польскае грамадзянства не толькі дзеля таго, каб стаць паўнавартаснымі жыхарамі Польшчы.

Так, напрыклад, сям'я беларусаў, якая ўжо трэці год жыве ў Бельгіі, прызнаецца, што хоча атрымаць польскі пашпарт, каб легалізавацца ў Бельгіі.

«Спачатку мы ўладкаваліся тут (у Бельгіі. — НН) маючы польскія візы, атрыманыя па карце паляка. Цяпер жывём па сталым побыце. Па факце статус у нас паўлегальны, бо з польскім ДНЖ знаходзіцца ў Бельгіі можна не больш за 6 месяцаў цягам года.

Але праз тое, што пагранічнага кантролю няма, ніхто не можа адсачыць, колькі часу мы тут знаходзімся», — тлумачыць суразмоўца.

Арцём кажа, што працаўладкавацца і знайсці жыллё з такім статусам яму ўдалося дзякуючы сябрам, якія даўно жывуць у Бельгіі. Мужчына спадзяецца, што цягам года атрымае польскі пашпарт і нарэшце зможа змяніць свой паўлегальны статус.

«Мы хутка будзем падаваць дакументы на атрыманне польскага грамадзянства. Калі ўсё будзе добра, то да канца года будзем мець польскія дакументы».

Па словах Арцёма, рабіць такія маніпуляцыі дорага і складана, але легалізавацца такім чынам значна хутчэй, чым спрабаваць атрымаць бельгійскі ДНЖ і чакаць на пашпарт.

«Каб падаць дакументы на атрыманне польскага грамадзянства, нам трэба афіцыйна працаваць у Польшчы і мець прапіску. Таму фармальна-юрыдычна мы працуем у Польшчы. Са мной прасцей, бо кампанія, у якой я працую, мае там фірму.

З жонкай складаней, яе таксама працаўладкавалі, але за яе падаткі і ўсе адлічэнні ў ZUS (аналаг беларускага ФСАН. — НН) даводзіцца плаціць са сваіх сродкаў».

Тым не менш, мужчына лічыць, што выдаткі ў памеры 3-4 тысяч еўра на аплату падаткаў за фіктыўнае працаўладкаванне жонкі ў Польшчы будуць апраўданыя, бо з польскім грамадзянствам яны змогуць легальна жыць і працаваць у Бельгіі.

Чытайце таксама:

«Стамілася быць Вольхай, калі я Ольга». Чаму і як беларусы змяняюць свае імёны за мяжой


Клас
29
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
5
Сумна
12
Абуральна
22