Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Інфармацыя пра даходы намеснікаў дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў бралася з друкаваных нумароў газет «Гродзенская праўда», «Веснік Магілёва», «Брестский вестник», «Витебские новости», «Гомельская правда». Гэта звесткі за 2022 год, бо падатковыя дэкларацыі за мінулы год будуць падавацца толькі ў сакавіку. Пазначаныя сумы да выплаты падаткаў.

Хто з ідэолагаў зарабляе больш за ўсё?

Найбольш высокія даходы — у ідэолагаў буйных дзяржпрадпрыемстваў. З іх самы «багаты» — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях «Гомсельмаша» Аляксандр Канапацкі. Ён зарабіў за 2022 год 70 176 рублёў, ці 5848 рублёў у месяц. Цяпер яго прызначылі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Гомеля.

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях «Гомсельмаш» Аляксандр Канапацкі. Фота: «Гомельская правда»

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях «Гомсельмаш» Аляксандр Канапацкі. Фота: «Гомельская правда»

Колькі атрымліваюць такія работнікі ў БМЗ і газавай галіне?

Ад Жлобіна ў Палату прадстаўнікоў прызначылі Аляксандра Малабіцкага — кіраўніка ідэалагічнага аддзела на Беларускім металургічным заводзе. За 2022 год ён зарабіў 52 040 рублёў, гэта па 4337 у месяц.

Малабіцкі ўзначальваў на БМЗ ячэйку праўладнай партыі «Белая Русь». Ён жа арганізоўваў удзел завадчан у «праектах патрыятычнай тэматыкі». Напрыклад, у аўтапрабегу, прысвечаным вызваленню Жлобіна ў Другой сусветнай вайне.

Начальнік аддзела інфармацыі, ідэалогіі і развіцця персаналу БМЗ Аляксандр Малабіцкі. Фота: афіцыйны сайт БМЗ

Начальнік аддзела інфармацыі, ідэалогіі і развіцця персаналу БМЗ Аляксандр Малабіцкі. Фота: афіцыйны сайт БМЗ

Яшчэ адзін новапрызначаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў — Уладзімір Баравенка. Ён займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сацыяльных і агульных пытаннях «Брэстаблгаза». Таксама Баравенка ўзначальвае раённае аддзяленне партыі «Белая Русь» у Брэсце.

Ягоны гадавы даход — 65 434 рублі, ці 5453 рублі ў месяц.

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сацыяльных і агульных пытаннях «Брэстаблгаза» Уладзімір Баравенка. Фота: афіцыйны сайт арганізацыі

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сацыяльных і агульных пытаннях «Брэстаблгаза» Уладзімір Баравенка. Фота: афіцыйны сайт арганізацыі

А што наконт іншых прадпрыемстваў і арганізацый?

Удзельнічалі ідэолагі дзяржпрадпрыемстваў і ў выбарах у мясцовыя саветы. Напрыклад, у Гомельскі абласны савет балатаваўся Віталь Панасюк — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Гомельскага вагонабудаўнічага завода. За год ён зарабіў 61 412 рублёў, ці 5118 рублёў у месяц.

У Гродзенскі гарадскі савет абіраўся Генадзь Палховіч — намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях «Гроднажылбуда». Гадавы даход — 48 882 рублі, ці 4074 рублі ў месяц.

У Магілёўскі аблсавет балатавалася Вольга Кавалёва — намесніца дырэктара па ідэалагічнай рабоце Магілёўскага водаканала. За год яна атрымала даход у памеры 35 644 рублёў, або 2970 рублёў у месяц.

Якія даходы ў ідэолагаў мясцовых органаў улады і ячэек БРСМ?

Даходы ідэолагаў у раённых органах улады на парадак ніжэйшыя, чым на дзяржпрадпрыемствах. Пра іх можна меркаваць, напрыклад, па заробку начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзя Карпаленкі. Ён балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў ад Гродна, але прызначаны не быў. Ягоны гадавы даход — 18 767 рублёў, гэта 1564 рублі ў месяц.

Крыху вышэйшыя заробкі ў калегі Карпаленкі з Навагрудскага райвыканкама Наталлі Жышко. Яна абіралася ў Гродзенскі аблсавет. Гадавы даход — 25 373 рублі, або 2114 рублёў за месяц.

Супастаўныя даходы і ў актывістаў БРСМ. Так, у кіраўніка Гродзенскай ячэйкі БРСМ Арцёма Макарэвіча, які балатаваўся ў мясцовы гарсавет, гадавы даход склаў 18 576 рублёў, што ў месяц складала 1548 рублёў. А сакратарка Ваўкавыскага раённага камітэта БРСМ Наталля Клімчук атрымала за год 16 602 рублі, або 1384 рублі ў месяц. Але ў Палату прадстаўнікоў не трапіла.

Самы «бедны» ідэолаг — у партыі Гайдукевіча

У Магілёўскі аблсавет балатаваўся кіраўнік мясцовага аддзялення ЛДПБ — Аляксандр Лабадыроў. Ён працуе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ў «Магілёўэнергабудзе». Ідэолаг задэклараваў гадавы даход у 3250 рублёў. У месяц ён, такім чынам, атрымліваў усяго 270 рублёў, гэта ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму.

Намеснік па ідэалагічнай рабоце ТАА «Магілёўэнергабуд» і старшыня Магілёўскага аддзялення ЛДПБ Аляксандр Лабадыроў. Фота: mogilev-region.gov.by

Намеснік па ідэалагічнай рабоце ТАА «Магілёўэнергабуд» і старшыня Магілёўскага аддзялення ЛДПБ Аляксандр Лабадыроў. Фота: mogilev-region.gov.by

Лабадыроў — бізнэсовец, валодае крамай аўтазапчастак «Спецаўтатэхналогіі» ў Магілёве. Справы ў кампаніі ідуць не вельмі — з 2021 года яна знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Сярод маёмасці ідэолага з самымі нізкімі даходамі — дзве кватэры (65 і 45 кв. м) у сумеснай уласнасці з жонкай (праўда, у якім горадзе знаходзіцца нерухомасць, не ўдакладняецца). А таксама два аўтамабілі: Chrysler Pacifica 2004 года і Volkswagen Golf 1986 года. 

Чытайце таксама:

Стала вядома, якія заробкі ў «палатніка»-ветэрана Ігара Марзалюка

Стала вядома, колькі зарабляе кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі

Як прапагандыст Ігар Тур стаў любімчыкам Лукашэнкі і колькі зарабіў у 2020-м

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
6