народныя амбасады Беларусі

Дыпламатычны базар у Славеніі. Фота з архіва Александры Мамаевай

Народныя амбасады Беларусі з’явіліся ў снежні 2020 года пасля таго, як беларусы замежжа выказалі вотум недаверу тагачаснаму міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і ўсяму яго міністэрству. Тады такія амбасады працавалі ў 16 краінах свету, а сёння іх ужо 22.

«Мы застаёмся незалежнай ініцыятывай»

Старт ініцыятывы адбыўся 10 снежня 2020 года, на ім прысутнічалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

— Яны нас падтрымалі, але мы і зараз застаёмся незалежнай ініцыятывай, хоць і супрацоўнічаем, каардынуемся з імі. У нас ёсць пастаянныя сазвоны, камунікацыя, мы ўзгадняем з імі праекты, абменьваемся інфармацыяй, — тлумачыць Аляксандра Мамаева, каардынатарка Народных амбасад і прадстаўніца Народнай амбасады ў Славеніі.

Асноўная задача народных амбасад — гэта дапамога беларусам у розных краінах. Афіцыйныя пасольствы гэта не заўсёды робяць, ды і не ўсе беларусы лічаць бяспечным звяртацца туды. Часам наадварот — там ствараюць праблемы. Да таго ж у многіх краінах, дзе жывуць беларусы, кантакты мясцовых улад з афіцыйнымі пасольствамі прыпыненыя ці знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні.

Народныя дыпламаты займаюцца наладжваннем сувязей з мясцовымі палітыкамі, медыя, грамадскімі арганізацыямі, адукацыйнымі ўстановамі, перадаюць ім інфармацыю пра Беларусь. Адна з рэгулярных спраў, якія робяць народныя амбасады, — гэта падрыхтоўка інфармацыйных дайджэстаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Аляксандра адзначае, што шмат у якіх краінах менавіта прадстаўнікі народных амбасад, а не «рэжымных» пасольстваў, удзельнічаюць у афіцыйных мерапрыемствах, прадстаўляючы Беларусь.

«Праз народную амбасаду можна ажаніцца па шведскіх законах»

Зараз у свеце дзейнічае 22 народныя амбасады, у тым ліку ў Аўстраліі, Паўднёвай Карэе і Бразіліі, а таксама консульства ў Шатландыі. У іх розны ўзровень актыўнасці. Найбольш моцнай амбасадай Аляксандра называе амбасаду ў Швецыі. Яна мае сваё памяшканне і актыўна ўзаемадзейнічае з мясцовым урадам, парламентам і палітыкамі, яе прадстаўнікі ўдзельнічаюць у дыпламатычных прыёмах, куды не запрашаюць афіцыйных беларускіх дыпламатаў.

— Гэта адзіная амбасада, якая можа афіцыйна зарэгістраваць шлюбы. Можна звярнуцца да іх, прыехаць у Швецыю, падаць дакументы і афіцыйна ажаніцца па шведскіх законах. У Швецыі дазволеныя аднаполыя шлюбы, таму я не бачу ніякіх перашкод, каб зарэгістраваць і такі шлюб праз народную амбасаду. Але я не ведаю, ці ўжо быў такі прэцэдэнт, — кажа каардынатарка ініцыятывы.

шлюб у народнай амбасадзе

Шлюб у народнай амбасадзе. Фота з архіва Аляксандры Мамаевай

Па словах Аляксандры, у прадстаўнікоў народных амбасад няма дыпламатычнага досведу, а ініцыятыва працуе на валанцёрскай аснове, не атрымоўваючы фінансавання. Звычайна ў краіне працуе адзін-два чалавекі. Але вопыт назапашваецца, і ўжо зараз нават прафесіяналы ў гэтай сферы характарызуюць прадстаўнікоў амбасад як людзей, што «гатовыя дыпламаты і падрыхтаваныя, каб надалей прадстаўляць Беларусь у сваіх краінах і станавіцца консуламі».

— У нас быў выпадак, калі ў Славеніі затрымалі беларуса па лініі Інтэрполу, — дзеліцца інфармацыяй Аляксандра. — Ён стала жыве ў Іспаніі, але прыехаў да нас, каб эвакуіраваць сваю цешчу, якая жыла да гэтага ва Украіне. І яго затрымалі. Да мяне звярнуліся яго сваякі, і я займалася гэтай справай, каб яго не экстрадыравалі ў Беларусь. На жаль, гэты беларус правёў два месяцы ў турме, але ўрэшце ён выйшаў і вярнуўся ў Іспанію.

Падобная сітуацыя адбылася і ў Італіі. І зноў у вырашэнні праблемы дапамагла мясцовая народная амбасада. Таксама народныя дыпламаты ў гэтай краіне займаюцца маніторынгам дзейнасці Свята-Елісавецінскага манастыра, які «гастралюе» па Еўропе і гандлюе на кірмашах, а заробленыя грошы адпраўляе на дапамогу расійскай арміі.

Аляксандра кажа, што ў адным з італьянскіх гарадоў ім удалося дамагчыся забароны на такі гандаль.

Стакгольм

Дыпламатычны прыём у Стакгольме. Фота з архіва Аляксандры Мамаевай

«Цягам тыдня зрабілі сайт пра выдачу пашпартоў замежніка»

Апрача такіх сітуацый, народныя амбасады займаюцца пастаяннай працай, якая звязаная са спрашчэннем легалізацыі беларусаў у розных краінах. Перш за ўсё гэта інфармацыйная дапамога. У амбасады часта звяртаюцца з пытаннямі, як пераехаць, як атрымаць міжнародную ахову і праязны дакумент замежніка.

— Калі выйшаў указ, што афіцыйныя беларускія пасольствы больш не будуць выдаваць пашпарты і даведкі, мы цягам тыдня зрабілі адмысловы сайт, дзе сабралі ўсю інфармацыю пра выдачу пашпартоў замежніка ў розных краінах. Зараз там сабраная інфармацыя пра больш за 30 краін, і яна пастаянна абнаўляецца, — расказвае Аляксандра.

Таксама народныя амбасады працуюць над тым, каб у беларусаў не было праблем з адкрыццём банкаўскіх рахункаў у розных краінах і з афармленнем віз. Яшчэ адзін напрамак — прызнанне пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў. У мінулым лістападзе на гэта пагадзілася Германія, а зусім нядаўна — яшчэ і Аўстрыя.

Аляксандра кажа, што зараз у народныя амбасады ідзе шмат пытанняў пра пашпарты новай Беларусі. Яна адзначае, што ў сакавіку выпусцяць першы асобнік дакументу, і будзе праводзіцца работа, каб як мага больш краін іх прызнавала.

— Народныя амбасады не змогуць выдаваць такія пашпарты, бо ёсць міжнародныя пратаколы і па бяспецы, і па ахове персанальных дадзеных, і па іх рассылцы. Гэтым могуць займацца толькі аўтарызаваныя асобы. Але мы маглі б рабіць падрыхтоўчую працу, напрыклад збіраць папярэднія заяўкі, арганізаваць месца, куды могуць прыехаць афіцыйныя прадстаўнікі, каб выдаваць гэтыя пашпарты, лабіраваць.

«Славенцы да нас звяртаюцца па беларускія візы»

Яшчэ адзін напрамак работы народных амбасад — культура. Па ім праца вядзецца ў калабарацыі з дыяспарамі. Гаворка ідзе пра выдавецтва беларускіх кніг, пераклады іх на мясцовыя мовы, пашырэнне колькасці беларускіх кніг у мясцовых бібліятэках, канцэрты, паказы фільмаў і гэтак далей.

— Мая асабістая мара, — дзеліцца Аляксандра, — гэта стварэнне сеткі беларускіх дамоў. Асабліва там, дзе невялікія дыяспары, каб усюды ў беларусаў было нейкае сваё памяшканне, пляцоўка. Гэта можа быць беларуская бібліятэка, прастора для правядзення сустрэч, канцэртаў, выстаў. Там можа быць каворкінг, там могуць праводзіцца майстар-класы, курсы, бізнэс-сустрэчы, можа месціцца сядзіба народнай амбасады, калі яна ёсць. То-бок гэта такі куточак Беларусі, куды ты можаш прыйсці.

Гаворачы пра Славенію, народная дыпламатка адзначае, што беларусаў тут няшмат — па афіцыйных дадзеных, каля 400 чалавек, і палова з іх прыехала пасля 2020 года. Аляксандра мяркуе, што, хутчэй за ўсё, людзі выбіралі гэтую маленькую краіну па рэкамендацыях сваіх сяброў, якія тут ужо жывуць.

— Сюды не лёгка пераехаць, — тлумачыць Аляксандра, — гэта не танная краіна, хоць і прыемная для жыцця. Тут няма нейкіх адмысловых праграм для замежнікаў. Тут вельмі цяжка знайсці працу ці буйную кампанію, якая б магла запрасіць, акрамя, можа быць, IT-сектару. Каб пераехаць, трэба адкрываць сваё прадпрыемства, і такім чынам працаваць. Але для мяне гэтая краіна чымсьці вельмі падобная да Беларусі, і я мару, каб Беларусь стала яшчэ больш падобная да Славеніі.

Бывае такое, што нават славенцы звяртаюцца ў народную амбасаду — напрыклад, тыя, хто хоча вывучаць беларускую мову. У такіх выпадках ім даюць кантакты выкладчыкаў. Таксама славенцы пытаюцца, наколькі бяспечна зараз вандраваць па Беларусі. Напрыклад, такі запыт быў ад мясцовых байкераў.

— А яшчэ да нас часта звяртаюцца па беларускія візы, бо ў Славеніі няма афіцыйнага пасольства Беларусі і нас з ім блытаюць, — смяецца каардынатарка.

Чытайце таксама:

Ці адбярэ Польшча гуманітарную візу або гуманітарны ДНЖ, калі чалавек паедзе ў Беларусь?

«Зянон Пазняк — той чалавек, з якім пайшоў бы на піва». Валер Кавалеўскі расказаў у інтэрв'ю пра палітычнае і чалавечае

У Стакгольме пачалі выкладаць беларускую мову

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0