Перамовы аб пастаўках у Беларусь расійскай электраэнергіі і яе транзіце ў Калінінградскую вобласць РФ і краіны Балтыі плануецца правесці 22 студзеня ў Мінску.

Пра гэта паведаміў кіраўнік прэс‑службы кампаніі «Інтэр РАО ЕЭС» Цімур Бялоў.

Паводле яго слоў, цяпер назіраецца »збліжэнне пазіцый бакоў». «Я спадзяюся, што найбліжэйшым часам перамовы закончацца, і ўсе пагадненні будуць падпісаны. Аднак гэта пакажа толькі ход перамоў», — дадаў Бялоў.

Як паведамлялася раней,

перамовы аб пастаўках і транзіце электраэнергіі павінны былі прайсці ў Мінску 19 студзеня, аднак былі перанесены.

Прычынай пераносу сталі »арганізацыйныя моманты», заявілі ў Маскве і Мінску.

Папярэдні раунд перамоў адбыўся ў расійскай сталіцы 14 студзеня. Як паведаміў СМІ прадстаўнік »Інтэр РАО ЕЭС», яны прайшлі «ў фармаце ўзважанага дыялогу»: «Бакі абмеркавалі сцэнарныя варыянты фарміравання цэн, выверылі прымяненне падобных метадалагічных падыходаў пры разліках велічыні транзітных страт магутнасці ў сетках аб’яднанай энергасістэмы Беларусі пры розных варыянтах перацёкаў электраэнергіі».

Раней «Інтэр РАО ЕЭС» заяўляла пра намер паставіць у Беларусь у 2010 годзе 3 млрд. кВт•гадз электраэнергіі ў адпаведнасці з балансам Саюзнай дзяржавы, а таксама да 2,5 млрд. кВт•гадз — «на аснове прынцыпаў камерцыйнай мэтазгоднасці». Акрамя таго, кампанія плануе ажыццяўляць транзітныя пастаўкі ў Калінінградскую вобласць і краіны Балтыі.

4 студзеня канцэрн »Белэнерга» папярэдзіў аб магчымым спыненні паставак расійскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць з‑за няўзгодненасці ўмоў транзіту.

У адказ «Інтэр РАО ЕЭС» заявіла, што накіроўвала ў Мінск свае прапановы, аднак рэакцыі на іх не было. Паводле інфармацыі кампаніі, перад новым годам беларускі бок запатрабаваў павялічыць кошт транзіту ў некалькі разоў, што »не адпавядае духу падпісаных раней доўгатэрміновых пагадненняў і схеме ўзаемадзеяння «Інтэр РАО ЕЭС» і «Белэнерга».

Многія аналітыкі звязваюць праблемы, што ўзніклі ў сферы транзіту электраэнергіі, з нафтавым канфліктам паміж Беларуссю і Расіяй, аднак афіцыйныя прадстаўнікі Масквы і Мінска гэта абвяргаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?