5 сакавіка ў ВНУ пачалася рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання прафесійна‑псіхалагічнага сумоўя. З гэтага часу ў Беларусі стартавала ўступная кампанія 2010 года.

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі ад 26 лютага 2008 года №17, прафесійна‑псіхалагічнае сумоўе неабходна прайсці для паступлення на асобныя спецыяльнасці, дзе да абітурыентаў выстаўляюцца асаблівыя патрабаванні. Сярод іх: «дзяржаўнае кіраванне», «дзяржаўнае кіраванне і права», «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «журналістыка», «міжнародная журналістыка», «мытная справа». Пры гэтым сумоўе неабходна прайсці ўсім абітурыентам незалежна ад таго, якую форму навучання яны выбіраюць.

Паводле інфармацыі Мінадукацыі, рэгістрацыя на сумоўе пройдзе па 31 сакавіка ўключна. У выпадку калі абітурыент падае заяву аб ўдзеле ў сумоўі асабіста, яму неабходна паказаць дакумент, які сведчыць асобу. Калі заява накіроўваецца па пошце, да яе павінна быць прыкладзена копія такога дакумента.

Прафесійна‑псіхалагічнае сумоўе пройдзе з 5 па 30 красавіка паводле графікаў, зацверджаных ВНУ. Праводзіцца ў форме гутаркі спецыяльнай камісіі з абітурыентам, мэта якой — вызначыць матывацыю паступлення, ацаніць асобасныя якасці, агульны ўзровень развіцця будучага студэнта.

Як паведамляе прэс‑служба Беларускага дзяржаўнага універсітэта, рэгістрацыя на сумоўе будзе праходзіць па будных днях з 9.00 да 17.00 (абед — з 13.00 да 14.00) у аўдыторыі 120 галоўнага корпуса ВНУ. Па суботах можна будзе зарэгістравацца з 9.00 да 13.00. Прафесійна‑псіхалагічнае сумоўе ў БДУ пройдзе 10, 17 і 24 красавіка (рэзервовы дзень — 29 красавіка). Летась для праходжання прафесійна‑псіхалагічнага сумоўя зарэгістравалася больш за 16 тыс. абітурыентаў. 103 абітурыентам было адмоўлена ў выдачы рэкамендацыі паводле вынікаў гутаркі (140 — у 2008 годзе).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?