Былы ваенны кіраўнік Аргенціны Рэйнальда Біньёне прысуджаны да 25 гадоў турмы за злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя амаль 30 гадоў таму.

У 1978—79 гадах генерал Біньёне працаваў намеснікам начальніка самага вялікага ў краіне лагера катаванняў — Кампа‑дэ‑Майё ды асабіста аддаваў загады пра выкраданні людзей і правядзенне допытаў.

Падчас правядзення судовых слуханняў у Буэнас‑Айрэсе сваякі ахвяраў рэжыму, закатаваных у лагерах, трымалі ў руках фатаграфіі сваіх блізкіх. Вынесены прысуд яны сустрэлі радаснымі крыкамі.

Акрамя генерала Біньёне, да розных тэрмінаў турэмнага зняволення былі асуджаныя яшчэ шасцёра яго паплечнікаў.

Спозненае правасуддзе

82‑гадовы Рэйнальда Біньёне, які выконваў функцыі прэзідэнта Аргенціны ў 1982‑83 гадах, быў прызнаны вінаватым у забойствах, выкраданні людзей і катаваннях — агулам па 56 эпізодах.

Усе гэтыя злачынствы былы дыктатар здзейсніў яшчэ да таго, як узначаліў краіну, у гады кіраўніцтва сумна вядомай ваеннай базай Кампа‑дэ‑Маё пад Буэнас‑Айрэсам, якая фактычна служыла лагерам катаванняў.

«Правасуддзе моцна спазнілася, але нарэшце яно трыюмфавала», — сказала Эстэла дэ Карлота, якая узначальвае праваабарончую арганізацыю «Бабулі Плаца‑дэ‑Майё».

Паводле праваабаронцаў, у гады праўлення Біньёне загінулі або зніклі без вестак больш за 30 тысяч чалавек, якія былі ў апазіцыі да ваенных кіраўнікоў Аргенціны.

Правядзенне суда над членамі хунты стала магчымым толькі пасля таго, як у 2005 годзе Вярхоўны суд адмяніў закон аб амністыі, што гарантавала былым кіраўнікам краіны юрыдычную недатыкальнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?