Сьвяткаваньне свайго стогадовага юбілею газэта «Наша Ніва» распачала яшчэ ў верасьні ў Бэрліне. Цяпер чарга прыйшла за Менскам. У сталіцы да сьвяткаваньня была прымеркаваная прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Фядуты «Паэтычны аглядальнік». Зборнік склалі паэтычныя рэцэнзіі вядомага публіцыста, якія друкаваліся ў «Нашай Ніве» цягам 2005-2006 гг., на кнігі беларускіх паэтаў. Цяпер Аляксандар Фядута выдаў з тых рэцэнзій цэлую кнігу.

Першапачаткова плянавалася, што імпрэза пройдзе ў вялікай залі дома літаратара, але ў апошні момант у арэндзе памяшканьня было адмоўлена. У тэрміновым парадку была знойдзена іншая заля, месца для прэзэнтацыі згадзіўся даць Палац мастацтваў. На жаль, ня ўсе ахвочыя трапіць на імпрэзу ведалі пра гэтую акалічнасьць, таму многія ішлі да будынку на Фрунзэ, 5. Гэта, мабыць, і было адзінай непрыемнасьцю. Усё астатняе прайшло на найвышэйшым узроўні.

Яшчэ перад пачаткам імпрэзы нехта вымаўляў: «Людзей сабралася болей чым на «Народны альбом». Сапраўды, хоць заля і не была запоўненая цалкам, але пустых месцаў таксама было небагата. Вечарыну распачаў бард Зьміцер Бартосік, які выканаў стары свой стары гіт «Нашаніўская пара». Пасьля слова ўзяў галоўны рэдактар «НН» Андрэй Дынько, ён адзначыў, што 100-гадовы юбілей газэты супаў па часе зь яшчэ адной круглай датай – 15-годзьдзем незалежнасьці. Сп.Дынько выступіў зь невялічкай прамовай, дзе збольшасьці паўтарыў галоўныя тэзы свайго нядаўняга артыкулу «Патрабую немагчымага – будзьце рэалістамі». А пасьля ў залі запанавала паэзія...

Аляксандар Фядута караценька распавёў, як нарадзілася гэтая кніга. Потым ён адзначыў, што каб гэтак жа жорстка ён пісаў пра беларускіх палітыкаў, то яны б ужо даўно нанялі кілера, а паэты пакуль што гэтага не зрабілі. Аўтар шкадаваў, што з тых ці іншых прычынаў на імпрэзе ня могуць прысутнічаць галоўныя героі кнігі. Нехта ня ў Менску, хтосьці ўвогуле не ў Беларусі, трэція – захварэлі. Такое жыцьцё і, на жаль, нічога ня зробіш.

Першым выступіў малады паэт Глеб Лабадзенка, ён, дарэчы, адзначыў прычыну таго, чаму паэты яшчэ не нанялі кілера, – проста яны не такія багатыя, як палітыкі. Пасьля публіку адзін за адным захаплялі паэтычныя галасы Беларусі.

Вершы чыталі Галіна Дубянецкая, Віктар Шніп, Міхась Скобла. Лера Сом ня толькі чытала, але і сьпявала пад гітару. Заля досыць актыўна пляскала ў ладкі пасьля выступу Юрася Пацюпы, які прачытаў некалькі сваіх «вершаў-красвордаў», як называе іх у «Паэтычным аглядальніку» Аляксандар Фядута. Экспрэсіўная Джэці выкананьнем сваіх твораў папросту «парвала» залю, яна і заслужыла самых працяглых у часе воплескаў.

Фядута прызнаўся, што мае ў сучаснай беларускай літаратуры два найўлюбёнейшыя вершы – «Салавей» Генадзя Бураўкіна і «Бэз» Ірыны Багдановіч. Апошні верш Фядута змог пачуць у аўтарскім выкананьні, за што быў вельмі ўдзячны аўтарцы. Варта адзначыць, што пасьля кожнага выступу Аляксандар Восіпавіч падыходзхіў да выступоўцаў па аўтограф. Тое самае ён прапанаваў зрабіць гледачам.

Імпрэза скончылася харавым выкананьнем вершу Янкі Купалы «Нашай Ніве», які больш вядомы, як «Не загаснуць зоркі ў небе». Кожнаму ў залі напярэдадні выступу раздалі аркушыкі з тэкстам і нотамі.

Па сканчэньні прысутныя маглі набыць кнігу «Паэтычны аглядальнік» і пагутарыць зь яе аўтарам і героямі.

Заўтра стагодзьдзе «Нашай Нівы» будзе адзначацца ў Полацку ў парафіяльнай залі касьцёлу сьвятога Андрэя Баболі. Рэдакцыя газэты абяцае прыехаць у любы куток краіны, калі будзе адпаведнае запрашэньне і заля для правядзеньня.

Фота Андрэя Лянкевіча

Глядзі і слухай яшчэ:

Прамова Аляксандра Фядуты, запісаная спадаром slaver_be: 5 хвілінаў, 1,9 мэгабайтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?