5 кастрычніка тры асобы, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ, канфіскавалі ў памяшканьні крамы «Сотвар» у Менску 20 асобнікаў 36-га нумару газэты «Наша Ніва», якія прадаваліся там у адпаведнасьці з дамовай. Прычым дадатак да асартымэнтнага пераліку гэтай крамы з указаньнем газэты «Наша Ніва» быў зарэгістраваны адміністрацыяй Першамайскага р-ну Менску.
Тыя асобы не ўказалі ні фактычных, ні праўных падставаў канфіскацыі газэтаў. Свае дзеяньні яны абгрунтавалі тым, што «НН» нібыта забаронена для распаўсюду ў Менску, што не адпавядае сапраўднасьці, бо «Наша Ніва» зарэгістравана Міністэрствам інфармацыі.
Канфіскацыю не аформлілі дакумэнтальна ніякім актам.
Арт.25 ч.6 закону «Аб друку і другіх сродках масавай інфармацыі» ўстанаўлівае, што перашкоды распаўсюду прадукцыі сродку масавай інфармацыі, які ажыцьцяўляецца на законных падставах, не дапускаюцца. На падставе гэтага Рэдакцыя зьвярнулася ў Пракуратуру з просьбай устанавіць асобаў, вінаватых у канфіскацыі і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасьці, а таксама вярнуць асобнікі. Аднак вялікае надзеі на тое, што гэта будзе зроблена, мы ня маем.
І гэта толькі адзін з эпізодаў штодзённага ціску. У такой абстаноўцы цяпер выдаецца і распаўсюджваецца «Наша Ніва».