Як вядома, «Дажынкі», ці «белорусский праздник урожая», будзе ў гэтым годзе праходзіць у Лідзе.
Гарадскія ўлады як заўжды не паспяваюць падрыхтавацца і па старой добрай традыцыі знішчаюць які-небудзь помнік гісторыі (на гэты раз не пашанцавала магіле ксяндза-паўстанца 1863 г. Адама Фалькоўскага, на месцы якой паклалі прыгожую краснасельскую плітку). Аднак размова не пра гэта.

13 верасня ў інтэрнэце з’явілася відэа з нібыта былым прадстаўніком расейскіх спецслужбаў, які паабяцаў беларускім уладам серыю дыверсій і тэрактаў напярэдадні выбараў. Асобным пунктам у гэтым спісе значыцца «масакра» падчас «праздника урожая». Бестсэллерам гэтае відэа калі і стала, то на кароткі час.

Але якім жа было маё здзіўленне, калі ў той жа дзень давялося пачуць звесткі пра «крывавае свята» з вуснаў абсалютна незаангажаваных і абыякавых да палітыкі людзей, працуючых у дзяржаўных установах. І тут пачалося самае цікавае.

Першай версіяй з’явілася нібыта прароцтва Вангі наконт гібелі беларускага лідэра восенню 2010 года на захадзе Беларусі. У гэтым прароцтве была нават канкрэтная дата, даведаўшыся пра якую, улады перанеслі святкаванне на пазнейшы час. Далей — цікавей.

Зусім не ў Балгарыі, а ў нас пад носам быццам меў месца такі выпадак. Жанчына вырашыла падабраць аднаго «дзядусю» на шашы. А той вазьмі і папярэдзь яе, каб не брала болей спадарожнікаў (вось ужо дзіўная просьба). Жаласлівая жанчына ўжо мела дамову са знаёмым падкінуць яго на зваротным шляху, ды той да пункту прызначэння не даехаў — памёр. А вось дзядок, выходзячы з машыны, на развітанне прамовіў: «Ой, колькі ж крыві ў Лідзе будзе, колькі крыві…»

Не здзіўлюся, калі героем наступнай падобнай гісторыі стане ксёндз Фалькоўскі, спакой якога, улады так несвоечасова парушылі…

Механізм стварэння фантастычных чутак сярод народа — з’ява, безумоўна, цікавая. І нараджаюцца яны, пэўна, з глыбінных варстваў чалавечай свядомасці — няздзейсненых жаданняў, спадзяванняў, замешаных на таямнічасці з элементамі фантастыкі, прычым зусім не навуковай.

Напрыклад, жыхары паўночна-заходняй часткі Гарадзенскага раёну ў пасляваенныя гады з вуснаў у вусны перадавалі легенду пра ўсплываючыя амерыканскія падводныя лодкі ў адным мясцовым возеры. Настолькі тут моцным быў дух антысаветызму і спадзяванні на дапамогу з Захаду.

Які ж дух і якія спадзяванні фармуюць чуткі пра «крывавае свята» у Лідзе — вырашайце самі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?