У рамках візіту запланавана сустрэча Еўракамісара з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, падчас якой будзе абмеркаваны увесь комплекс адносін Беларусі і ЕС, уключаючы практычныя пытанні ўдзелу ў ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства».

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага МЗС, падчас візіту Фюле плануецца, у прыватнасці, абмеркаваць перспектывы развіцця палітычнага дыялогу, шляхі далейшага развіцця супрацоўніцтва ў абласцях узаемнага інтарэсу, магчымыя праектныя ініцыятывы для рэалізацыі ў рамках «Усходняга партнёрства», прапановы беларускага боку па далейшым развіцці Еўрапейскай палітыкі суседства, стан і перспектывы галіновых дыялогаў Беларусь — ЕС, а таксама ход рэалізацыі праграм тэхнічнай дапамогі ЕС з удзелам Беларусі.

Таксама Штэфан Фюле плануе абмеркаваць сітуацыю з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Акрамя гэтага еўракамісар мае намер сустрэцца з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ ў Беларусі Гертам Хінрыхам Арэнсам, які прыбыў у Мінск 12 лістапада, а таксама даць прэс-канферэнцыю.

Фюле ўжо наведаў Беларусь 8–9 ліпеня гэтага года. Тады ён сустрэўся з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партый.

У інтэрв’ю БелаПАН еўракамісар сказаў, што «выкарыстаў свой першы афіцыйны візіт у Беларусь для таго, каб нагадаць: павага фундаментальных правоў і свабод — аснова палітыкі ЕС у адносінах да суседзяў і ключавы фактар перспектывы двухбаковых адносін».

«Толькі паважаючы гэтыя фундаментальныя, усеагульныя каштоўнасці, Беларусь зможа цалкам выкарыстаць патэнцыял, які прапаноўвае ЕС як у рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства ў цэлым, так і палітыкі Усходняга партнёрства ў прыватнасці», — падкрэсліў тады Штэфан Фюле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?