Услед за заявамі Яраслава Раманчука, Віктара Цярэшчанкі ў эфіры БТ быў паказаны выступ Рыгора Кастусёва. Прамова кандыдата ад БНФ давалася нарэзкамі — выразанымі былі пытанні журналістаў, а таксама, верагодна, частка адказаў.

Кастусёў таксама асудзіў беспарадкі 19 снежня, але зрабіў гэта ў іншым ключы:

Напрыклад, ён наўпрост не звінаваціў арганізатараў акцыі.

«Мы заўсёды выступалі за мірныя акцыі пратэсту, на жаль, з’явіўся шэраг людзей, якім захацелася зрабіць правакацыю. Шкада, што закончылася біццём вокнаў, ламаннем дзвярэй

— хацелася каб усё гэта было трошкі інакш. На маю думку, і я казаў пра гэта раней, паступала такая інфармацыя пра тое, што расійскі бок зацікаўлены ў такім развіцці падзей у Беларусі. Як паказваюць факты, гэтая наша занепакоенасць пацвердзілася.

Складана сказаць канкрэтна хто гэта, але я лічу, што ўсё ж такі праявіўся прарасійскі вектар. Канешне, яны больш зацікаўлены ў тым, што адбылося».

Кастусёў зазначыў, што падзеі учорашняга вечара могуць дрэнна адбіцца на стасунках з Еўропай.

«Цяжка каментаваць як зрэагуе Еўропа на тое, што адбылося ў Мінску, але для нас, для мяне асабіста, шкада, што гэта можа сапсаваць адносіны Беларусі і ЕЗ, бо мы заўжды выступалі за тое, каб Беларусь была ў Еўразвязе, уступіла ў яго — гэта наша мэта. Калі падзеі будуць развівацца ў адваротным кірунку, гэта будзе на руку Крамлю, і Беларусь будзе ўцягнутая у палітычныя і эканамічныя стасункі з Расіяй досыць глыбока. Права кожнага чалавека так ці інакш рэагаваць на пэўную падзею, але я заўжды заклікаў, каб такія акцыі праводзіліся мірна».

Пазней Рыгор Кастусёў абверг свой выступ па БТ, назваўшы яго нарэзкай цытатаў і заявіў, што адкажа на ўсе пытанні а 16-й падчас прэс-канферэнцыі на офісе БНФ.

Вось што ён сказаў журналістам увечары 20 снежня падчас прэс-канферэнцыі.

«Пасля ўдару па галаве дубінкай амапаўца я з дапамогай выпадковых людзей сышоў з плошчы. Мы селі ў аўтамабіль і спрабавалі выехаць, аднак ужо праз некалькі кварталаў аўтамабіль спыніла ДАІ. Мяне вывелі з машыны і адразу пасадзілі ў іншую», — распавёў спадар Рыгор.

Ён таксама паведаміў, што пасля некалькіх пераездаў апынуўся ў знакамітай «амерыканцы» — унутранай турме КДБ — дзе выпадкова пабачыў Андрэя Дзмітрыева (кіраўніка штабу Някляева), а таксама некалькіх маладых людзей, якіх не пазнаў.

«Аформілі пратакол аб затрыманні на трое сутак. Каля шостай гадзіны раніцы завялі ў камеру. Аднак сёння, пасля інтэрв’ю БТ, адпусцілі», — заявіў Рыгор Кастусёў.
Кандыдат ад Партыі БНФ выступіў з крытыкай сюжэту з яго ўдзелам, паказанага на Беларускім тэлебачанні. Рыгор Кастусёў зазначыў, што «акцыя была сапсаваная правакатарамі, аднак зараз нельга дакладна сказаць, што за людзі гэта былі, на каго яны працавалі». «У нас узнікла шмат пытанняў. Цалкам верагодна, што правакацыі былі справай рук спецслужбаў», — заявіў Кастусёў.

На прэс канферэнцыі таксама было зазначана, што БНФ выступае выключна за мірнае вырашэнне праблемаў і лічыць, што выбары прэзідэнта Беларусі не могуць быць прызнанымі міжнароднай супольнасцю. «Партыя БНФ ускладае адказнасць за разгон мірнай маніфестацыі на беларускія ўлады. Мы лічым, што вынікі выбараў не могуць быць прызнаныя міжнароднымі структурамі, а таксама заклікаем выказаць салідарнасць з усімі затрыманымі», — заявіў Кастусёў.

Таксама па БТ быў паказаны тэкст заявы Дзмітрыя Уса, але сам кандыдат перад камерамі не з’явіўся.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?