Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева патрабуе ад генпракурора Беларусі Рыгора Васілевіча высветліць і паведаміць ёй пра дакладнае месцазнаходжанне мужа.

Адпаведны зварот Вольга Някляева накіравала генпракурору і агучыла 20 снежня на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

Акрамя месцазнаходжання Някляева, яго жонка таксама патрабуе ад генпракурора ўстанавіць месцазнаходжанне астатніх затрыманых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта і іншых удзельнікаў акцыі. «У выпадку іх затрымання прашу Вас абавязаць праваахоўныя органы неадкладна праінфармаваць сваякоў пра месцазнаходжанне іх родных, а таксама паведаміць пра ўмовы іх утрымання», — працытавала Вольга Някляева свой зварот.

Яна патрабуе ад генпракурора правесці праверку ў сувязі з «найгрубейшымі парушэннямі законнасці ў Беларусі і даць праўдзівую прававую ацэнку сістуацыі, у прыватнасці, падзеям 19 снежня ў Мінску». «Патрабую прыняць меры пракурорскага рэагавання па факце збівання 19 снежня невядомымі асобамі Уладзіміра Някляева, журналістаў і мірных грамадзян, а таксама правесці пракурорскую праверку па абгрунтаванасці прымянення грубай фізічнай сілы і спецсродкаў пры разгоне мірных грамадзян на плошчы Незалежнасці», — заявіла жонка палітыка.

Някляева падкрэсліла, што ёй дагэтуль невядомае месцазнаходжанне мужа. «Ужо прайшлі адведзеныя законам 12 гадзін, калі ў выпадку, як ён быў затрыманы, павінны былі праінфармаваць сваякоў ці даць яму магчымасць з імі звязацца», — сказала яна.

Скончыўшы сваё выступленне перад журналістамі, Вольга Някляева расплакалася.

Як паведаміў кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Тоні Лойд, АБСЕ далучаецца да заявы Вольгі Някляевай і патрабуе аб’явіць месцазнаходжанне і стан затрыманых 19 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?