Захад «у шоку» ад сітуацыі ў Беларусі, бо «не мог уявіць, што менавіта такім будзе развіццё падзей».

Пра гэта заявіла дэпутат бундэстага ад партыі «Зялёныя» Марылуізэ Бек 28 снежня на сустрэчы з журналістамі ў Мінску. Гэта першы візіт заходняга палітыка ў Мінск пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле словаў нямецкага дэпутата, існавалі розныя ацэнкі ступені палітычнай лібералізацыі ў Беларусі,

але «не хапіла б ўяўлення», каб прадставіць, што «падзеі будуць развівацца так драматычна».

Бек знаходзіцца ў Мінску з аднадзённым візітам, мэта якога, паводле яе словаў, — паказаць, што Захад «не адварочваецца» ад наяўнай сітуацыі.

«Асноўнае пытанне — гэта вызваленне тых, хто знаходзіцца ў турме і ізалятары КДБ»,
 — падкрэсліла яна. Яна выказала надзею на тое, што затрыманыя і асуджаныя змогуць даведацца аб яе візіце ў Беларусь.

Бек указала на немагчымасць «неадпаведнага пакарання за тое, што беларусы скарысталіся правам на свабоду дэманстрацыі». Дэпутат таксама паведаміла, што сітуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца еўрапейскімі палітыкамі ў студзені. Пакуль жа, па яе словах, краіны Захаду «яшчэ не адышлі ад Калядаў».

***

У рамках сённяшняга візіту Марылуізэ Бек плануе сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Дэпутат таксама паведаміла, што яе сустрэча з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Беларусі, якая першапачаткова планавалася, адменена па ініцыятыве беларускага боку.

Увечары 27 снежня прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных паведаміў БелаПАН, што на 28 снежня ў міністэрстве запланавана сустрэча Бек «на ўзроўні кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення Еўропы».

Нагадаем, Еўропа не прызнала прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і рашуча асудзіла жорсткі разгон мірных дэманстрантаў у Мінску 19 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?