Белы снег на далоні трымаю,
Растае ён у халодны ручай,
Быццам родную мову губляю,
У сэрцы гнеўны боль ды адчай.

Хаты, дрэвы, поле, дарогу -
Завіруха ўсе замяла.
Уся зямля, як і родныя словы,
У выгнанні чакаюць цяпла.

Ледзяныя сняжынкі завеі
Аплявухай кладуцца на твар.
Не халоп я баяраў з Расеі,
Я зямлі сваёй вольны спадар

Сню, як хуткія рэчкі
У шэры лёд скавала зіма,
Быццам стогн цяжкі чалавечы
Пад тым лёдам схавала яна.

Неспакой на душы і трывога
У маім сне як і у жыцці.
Льецца песня аднекуль з усходу
Родных слоў у ёй не знайсці.

І здзічэлыя белыя коні
Праляцяць звонкім гімнам вясне.
Сэрцу блізкая гэтак пагоня
Усё далей і далей ад мяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?