У групах дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў гарадскім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна тэмпература паветра складае + 14 - +15 градусаў.

Тэлефанаванне з такой інфармацыяй паступіла на гарачую лінію Intex-press. У доме-інтэрнаце гэты факт, на жаль, пацвердзілі.

«У групах, дзе нашы дзеці займаюцца і гуляюць, тэмпература днём вышэй 16-17 градусаў у апошнія два тыдні не паднімаецца, — распавялі выхавальнікі дома-інтэрната. —

Батарэі ледзь цёплыя, а ўявіце, як дзецям. Бо нашы выхаванцы — дзеці-інваліды, яны не могуць шмат рухацца, каб хоць неяк сагрэцца». Па словах супрацоўнікаў інтэрната, 25 лютага ў некаторых групах было і зусім + 13 градусаў, і гэта прытым, што згодна з санітарным нормам павінна быць 20—22.

«Будынкі дома-інтэрната ацяпляюцца дрэнна, нягледзячы на тое, што мы знаходзімся ў 50 м ад кацельні», — сказаў дырэктар Гарадзішчанскага дома-інтэрната Міхаіл Барысевіч. Усяго ў інтэрнаце на дадзены момант знаходзіцца 220 дзяцей, 50 з якіх ляжачыя. Каб дзеці не мерзлі, іх апранаюць цяплей: у кофты, курткі, а ў спальнях дзяцей накрываюць дзьвюма коўдрамі.

Як высветлілася, яшчэ горш ідуць справы з ацяпленнем у 18-кватэрным жылым доме г.п. Гарадзішча па вуліцы Едунова, 50а, цяпло ў які паступае ад той жа кацельні, што і ў дом-інтэрнат. Тэмпература ў кватэрах гэтага дома складае ўсяго ад 7 да +12 градусаў!
«Знаходзіцца ў памяшканнях невыносна, — распавялі жыхары дома. — Батарэі ледзь цёплыя, мы кладзёмся спаць у вопратцы».

Па словах жыхароў 18-кватэрнага дома, праблемы з ацяпленнем у іх былі і раней, але так холадна, як у гэтым годзе, ніколі не было.

«Мы ўцяплілі сцены ў спальні, паставілі шклопакеты, але нічога не дапамагае, — наракае жыхарка дома Людміла Іванаўна . — Прыходзіцца абаграваць каларыферам, уключаць газ на кухні».

З-за розніцы тэмператур на сценах і столі з'яўляецца цвіль, якая з гадамі ўжо «прапісалася» ва ўсіх кватэрах. Жыхары абрываюць тэлефон у ЖКГ, аднак, іх праблема да гэтага часу не вырашана.
«Мы неаднаразова скардзіліся, пісалі, тэлефанавалі камунальшчыкам, але з намі яны ўжо не хочуць размаўляць, — сказала Людміла Іванаўна. — Паводле нашых скаргаў камісіяй з ЖКГ праводзілася абследаванне. Замяралі ў кватэры тэмпературу паветра, але на гэтым усё і скончылася».

Некаторыя жыхары думаюць, што праблема ў паліве.

«Галінкамі ў кацельні топяць, — абурылася адна з жыхарак. — А якое ад іх можа быць цяпло. Як галінкамі можна апаліць вялікія будынку дома-інтэрната, ды і яшчэ і наш дом».

Аднак у кацельні пасёлка карэспандэнту «IP» распавялі, што паліва ім прывозяць дастаткова. Па словах качагараў, топяць яны торфам і дровамі, але чаму такая нізкая тэмпература ў дамах, растлумачыць так і не змаглі.

Праблемы з ацяпленнем у пасёлку, існуюць і ў іншых дамах. Так, жыхары вуліцы Вежнаўца распавялі, што ў іх кватэрах тэмпература паветра складае ў сярэднім 14 градусаў.
«У кватэрах вельмі холадна, грэемся каларыферам, газам, — распавяла адна з жыхарак. — Няма ў нас і гарачай вады. Прыйшлося купляць бойлер».

Пры тым, што ў адпаведнасці з дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі тэмпература паветра ў кватэрах не павінна апускацца ніжэй 18 градусаў.

У мінулую пятніцу ў пасёлку адбыўся сход з нагоды ацяплення ў дамах з прадстаўнікамі райвыканкама і раённага ЖКГ, на якім жыхарам паабяцалі разабрацца з усімі праблемамі ў гэтым годзе.

Пакуль жа жыхарам праблемных дамоў застаецца верыць абяцанням і з нецярпеннем чакаць вясны, якая ўжо не за гарамі.

Каментарыі спецыялістаў

«Мы ведаем аб праблеме з ацяпленнем і разумеем турботы людзей, — сказалі Intex-press ў КУМПП ЖКГ«Баранавіцкае раённае ЖКГ». — Аднак цяпер тэмпературны рэжым не дазваляе што-небудзь зрабіць, але як толькі пацяплее — будзем вырашаць праблему з ацяпленнем ».

У ЖКГ таксама сцвярджаюць, што ў якасці асноўнага паліва выкарыстоўваюць торф і дровы і толькі часткова — галінкі ад спілаваных дрэў. Чаму ж у дамах холадна, спецыялісты разбіраюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?