Мама Наташы Радзінай — прафесійны кухар. Сальцісон — не мая ежа, але прыгатаваны Надзеяй Максімаўнай і пададзены дзяўчатам да гарбаты разам са свежым хлебам, паштэтам і хатнімі кансерваванымі агурочкамі, ён здаецца мне проста чароўным. Не ўтрымалася, спытала, чым жа такім асаблівым частавалі Наташу пасля 40 дзён у СІЗА КДБ… Кажа, тыдзень ела банальную яечню, таму што «там» яйкі забароненыя. Засумавала? Або баялася, што не паспее…

***

Тата Іры Халіп чакаў нас ля пад’езда. Яго рукі прыкметна дрыжалі, калі браў вясновы букет для дачкі. Не ад холаду, ад агіды… Ад думак, што дзверы ў кватэру дачкі адкрываюць і закрываюць два чужых чалавекі… Адзін Бог ведае, колькіх намаганняў каштуе яму не сарвацца, не выплюхнуць на іх усё, што назбіралася… Страх за дачку і ўнука стрымліваюць. Мы стаім ці то пад жылым домам, ці то пад турмой. Воля змрочна жартуе: «Сюды хоць спраўна прымаюць перадачы».

***

Воля прыбягае ў офіс з пакетам, у якім цёплая мужчынская бялізна. З вечара не давала спакою думка пра лютаўскі мароз і Андрэя Пачобута ў СІЗА на Акрэсціна. Швэдры перадала напярэдадні, іх у офіс прывёз айчым Веранікі Чаркасавай яшчэ ў канцы снежня. Тады не спатрэбіліся, а цяпер як знайшлі, ну не з Гродна жа на самай справе везці. Разам з цёплай бялізнай чарговым разам спрабуем перадаць вітаміны. Не бяруць. Многім аддаем ужо пасля адседкі…

***

Пасля вызвалення пад падпіску Вазняк прыходзіць у офіс кожны дзень, ад БАЖа да КДБ ўсяго некалькі кварталаў. Яго выклікаюць рэгулярна, як на працу. Перад чарговым допытам п’е зялёную гарбату без цукру. Да СІЗА КДБ у яго кубку патанала да 8 кубікаў «белай смерці». Вырашыў хоць нешта ў жыцці змяніць да лепшага…

***

Ад СІЗА КДБ да БАЖа ўсяго некалькі кварталаў, таму жонкі арыштантаў нярэдка заходзяць да нас. Проста са сваімі бауламі, з клятчастымм торбамі чаўнакоў. Часам прыходзяць са шчаслівымі ўсмешкамі — баулы забітыя бруднай бялізнай. Значыць, іх мужы змаглі пераапрануцца ў чыстае. Часта прыходзяць моўчкі, п’юць гарбату, кажуць нягучна, павольна, перадачы ў іх ужо прынялі — спяшацца няма куды. Брудная бялізна можа быць шчасцем…

***

Мама Паўла Севярынца Таццяна прыязджае ў Мінск двойчы на тыдзень. Сям’я Севярынцаў жыве ў Віцебску. У Мінску Таццяна перш за ўсё спяшаецца перадаць сыну чарговую сумку з ежай, прадметамі гігіены, адзеннем, а ўжо потым — сустрэчы з адвакатам, скаргі па інстанцыях, чытанне адказаў і зноў скаргі. Таццяна кажа, што не адступіць ні на крок, будзе бамбаваць усіх, пройдзе гэты шлях ад першай да апошняй прыступкі. Маўчым. Ну і што, што гэта бескарысна? Матчынаму сэрцу так трэба…

***

Раніцай па «Еўраньюс» паказваюць сюжэт аб пратэстах кубінскага руху «Жанчыны ў белым». Адчайныя, з гарачымі вачыма, яны нешта гучна скандуюць, выкідаючы уверх правыя рукі… Дзіўна, але белы колер не пакідае надзеі, як і чорны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?