У Беларусі пачалася вясновая паводка, паведаміла начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Марына Нагібіна 21 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, амаль паўсюдна адбываецца рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1–10 см за суткі. Узроўні вады перавышаюць ацэнкі выхаду вады на пойму на асобных участках Нёмана і Бярэзіны, на ўсёй працягласці Прыпяці і на большасці яе прытокаў. На Прыпяці на ўчастку Чэрнічы — Петрыкаў узроўні вады вышэйшыя за небяспечныя высокія значэнні.

Спецыяліст паведаміла, што

больш прыкметнае развіццё вясновых працэсаў пачалося на рэках заходняй і паўднёва-заходняй часткі Беларусі:
назіраюцца шугаход і крыгаход на большай працягласці Нёмана і Прыпяці, а таксама на некаторых малых рэках. Поўнасцю ачысціліся ад лёду Вілія, асобныя ўчасткі Нёмана і Прыпяці, рэкі Гаўя, Лясная, Віхра, Піна, Ясельда, Цна, Свіслач.

Паводле прагнозаў, рэкі будуць раскрывацца ў трэцяй дэкадзе сакавіка — пачатку красавіка. Гэта ў сярэднім на тыдзень пазней за звычайныя тэрміны. «Вясна чакаецца паўнаводнай», — сказала сіноптык. Паверхневы прыток вады ў вадасховішчы краіны чакаецца ў норме і некалькі большым за яе. Паводка на рэках будзе развівацца на фоне павышанай воднасці, максімальныя ўзроўні вады на большасці водных артэрый чакаюцца на 20–250 см вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні, а на асобных участках Дняпра, большай працягласці Бярэзіны і Сожа — блізкімі да іх.

Нагібіна падкрэсліла, што цяжкія гідралагічныя ўмовы могуць скласціся на рэках басейна Прыпяці, дзе развіццё вясновай паводкі будзе адбывацца на фоне сфарміраванай зімовай паводкі. У сувязі з гэтым максімумы паводкі пры выпадзенні значнай колькасці ападкаў могуць наблізіцца да гістарычных максімумаў.

У сувязі з захаваннем зімовага характару надвор’я на большасці водных аб’ектаў краіны захоўваецца ледастаў таўшчынёй на рэках ад 10 да 50 см, на вадаёмах — ад 55 да 60 см. Аднак месцамі ў ледзяным покрыве адзначаюцца палонкі і разводдзі, з’явілася вада на лёдзе, лёд пацямнеў.

Сіноптыкі папярэджваюць, што пры перамяшчэнні па лёдзе трэба быць асцярожнымі, бо трываласць лёду паступова зніжаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?