У Мінску, на будынку тэалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (праспект Незалежнасці, 24), устаноўлена мемарыяльная кампазіцыя, прысвечаная беларускаму праваслаўнаму царкоўнаму дзеячу Мелхіседэку (Міхаіл Паеўскі).

Кампазіцыя з бронзы 1×2 метры складаецца з дзвюх пліт. На першай — гарэльеф Мелхіседэка ў архірэйскім адзенні і клабуку, абрамлены раслінным арнаментам. У ніжняй частцы пліты тэкст: «Да 80-годдзя памяці праасвяшчэннага Мелхіседэка (Паеўскага) 15.11.187917.05.1931». На другой пліце тэкст: «Гэты дом быў часткаю архіерэйскага падвор’я — рэзыдэнцыі праваслаўных архіерэяў у Мінску (1864–1924)». Аўтар кампазіцыі — мінскі скульптар Ганна Інькова.

У інтэрв’ю БелаПАН праваслаўны святар Леанід (Акаловіч) паведаміў, што адкрыццё мемарыяльнай кампазіцыі адбылося 17 мая з удзелам мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Прайшлі памятныя чытанні, арганізаваныя брацтвам Віленскіх пакутнікаў Беларускай праваслаўнай царквы. Удзельнікі чытанняў расказалі пра радавод, жыццё, служэнне і барацьбу Мелхіседэка за Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву супраць прамаскоўскай бальшавіцкай улады і царкоўных «рэвалюцыянераў-абнаўленцаў», пра тое, як Мелхіседэк любіў Беларусь і выступаў за яе незалежнасць.

Святар назваў гэту падзею знакавай, бо кампазіцыя з’яўляецца першым памятным знакам у гонар Мелхіседэка на тэрыторыі Беларусі.

Пасля заканчэння Казанскай духоўнай акадэміі Мелхіседэк выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі, быў настаяцелем магілёўскага Багаяўленскага манастыра, епіскапам Таўрычаскім, архіепіскапам Астраханскім, вікарным епіскапам Слуцкім, епіскапам Мінскім і Тураўскім. З ліпеня 1922 года — мітрапаліт Мінскі і Беларускі. Прыхільнік абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 годзе прыгавораны да трох гадоў зняволення ўмоўна паводле абвінавачання «ў крадзяжы царкоўнай маёмасці» і «контррэвалюцыйнай прапагандзе». Сасланы ў Сібір, дзе быў прызначаны архіепіскапам Краснаярскім. З 1930 года — у Маскве, абраны ў Сінод Рускай праваслаўнай царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы. Далучаны да пакутнікаў РПЦ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?