Былы начальнік Упраўлення па расследаванні злачынстваў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі асуджаны на тры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе, па якой галоўным абвінавачаным праходзіў былы начальнік следства ДФР КДК падпалкоўнік Дзмітрый Адамовіч і начальнік Упраўлення прадпрымальніцтва і ліцэнзавання Камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Ірына Ільюкевіч. Акрамя іх на лаву падсудных трапілі два бізнэсоўцы, якія абвінавачваліся ў даванні хабару, і два браты-мінчукі, якія абвінавачваліся ў махлярстве і падбухторванні да давання хабару.

У сваім апошнім слове перад вынясеннем прысуду Дз. Адамовіч гаварыў паўтары гадзіны, спрабуючы ў апошні момант пераканаць суддзю ў сваёй невінаватасці і ў тым, што выстаўленае абвінавачванне абсурднае і не мае пад сабой ніякіх падставаў.

«Лічу высветленым, што абвінавачванне мне выстаўлена без аналізу і супастаўлення сукупнасці сабраных доказаў па крымінальнай справе… Лічу, што мае дзеянні не ўтвараюць крымінальна караных або злачынства супраць інтарэсаў службы», — заявіў Дз. Адамовіч.

«Выстаўленыя мне абвінавачанні па арт. 13 і арт. 424 — падрыхтоўка да злоўжывання. У маіх дзеяннях адсутнічае склад гэтага злачынства, бо адсутнічае аб’ектыўны бок падрыхтоўкі да злоўжывання. Няма намеру, я не чыніў ніякіх дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, не здабываў ніякай выгады маёмаснага характару, ніякай асабістай зацікаўленасці не меў. Ніякай шкоды ў выніку майго звароту да падпарадкаванага мне па службе супрацоўніка ДФР не было прынесена, я проста патэлефанаваў калегу і папрасіў чалавека прыняць грамадзяніна».

«Падрыхтоўка да злачынства, у адпаведнасці з патрабаваннем закона, патрабуе актыўнага дзеяння на злачынства, што здзяйсняецца. Абвінавачанне за падрыхтоўку да злачынства заснаванае на здагадках двух сведкаў — супрацоўнікаў УДФР, з суб’ектыўных, унутраных адчуванняў» — сказаў абвінавачаны і сказаў правільна. КДБ сапраўды недапрацаваў з гэтай справай і з нацягам накінаваў яго ў суд. Таму нядзіўна, што ў дадзеным выпадку суд апраўдаў Дз. Адамовіча па арт. 424 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Па ўсіх жа астатніх эпізодах суд прызнаў галоўнага фінансавага следчага вінаватым. Напэўна, таму, што не паверыў у шчырасць Дз. Адамовіча.

«Чым было выклікана ў жніўні 2010 года, пры адсутнасці падставаў, распачынанне ў дачыненні да мяне крымінальнай справы нібыта за атрыманне хабару восенню 2009 года?» — спытаў Адамовіч і сам жа адказаў: «Відавочна, што распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні да мяне было першапачаткова незаконным».

На думку Адамовіча, дадзеныя дзеянні нельга назваць нічым іншым, «як імкненнем скампраметаваць мяне як службовую асобу ДФР». «На працягу ўсяго следства з мяне не здымаліся падазрэнні ў атрыманні хабару. Па заканчэнні следства крымінальны пераслед у дачыненні да мяне спынены за адсутнасцю ў маіх дзеяннях складу злачынства. Разабраліся — хабару не браў».

Дзмітрый Адамовіч не стаў даваць ацэнку дзеянням следчых і аператыўнікаў КДБ, але акуратна намякнуў на зацікаўленасць следства. «Не хочацца каментаваць, для чаго на следчых дзеяннях маіх калегаў дапытваюць па абставінах атрымання мною хабару, калі на трэці дзень пасля майго затрымання было высветлена — ніякіх хабараў я не атрымліваў».

У якасці галоўнага аргументу сваёй невінаватасці, Адамовіч расказаў пра свае заслугі. «12 гадоў я прапрацаваў у органах фінансавых расследаванняў. Я не меў ніводнага спагнання, кіраўніцтва КДК ацэньвала маю працу. Перад маім затрыманнем разглядалася пытанне аб маім прызначэнні на вышэйшую пасаду (вырашалася пытанне аб прызначэнні абвінавачанага намеснікам дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў). Але ў дачыненні да мяне распачалі крымінальную справу, мяне прадставілі на арышт у Генпракуратуру. Намеснікам генпракурора было адмоўлена ў зняволенні мяне пад варту. Па гэтай жа пастанове арышт у дачыненні да мяне падпісаны старшынёй КДБ».

«За час працы ў следчым падраздзяленні УДФР у мяне не было фактаў незаконнага прыцягнення асоб да крымінальнай адказнасці… Маю службовую дзейнасць у чэрвені 2010 года праверыла міжведамасная камісія пад кіраўніцтвам Савета бяспекі. У ДФР адпрацаваў 12 гадоў, пачынаючы з пасады следчага, у працы парушэнняў закона не ўстаноўлена», — заявіў Адамовіч і вось тут відавочна схітраваў.

Як раней пісаў «Ежедневник», у выніку праверкі Савета бяспекі былі выяўленыя схемы, па якіх у ДФР КДК «адмазваліся» ад крымінальнага пераследу бізнэсоўцы. Прычым самае непасрэднае дачыненне да гэтага меў абвінавачаны Дзмітрый Адамовіч. Іншая справа, што гэтыя схемы, хоць і мелі відавочна карупцыйны падтэкст, былі рэалізаваныя выразна ў рамках заканадаўства. Менавіта таму Савет бяспекі і КДБ не выставілі Адамовічу абвінавачванняў па выніках праверкі, але гэтыя вынікі сталі падставай, каб прыгледзецца да галоўнага фінансавага следчага краіны больш уважліва.

Суд цалкам стаў на бок абвінавачання па ўсіх пунктах за выключэннем падрыхтоўкі да злоўжывання ўладай.

Дзмітрый Адамовіч быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права пяць гадоў займаць кіроўныя пасады.

Сяброўка галоўнага фінансавага следчага Беларусі, начальнік Упраўлення прадпрымальніцтва і ліцэнзавання Камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Ірына Ільюкевіч за хабарніцтва і махлярства асуджаная на 6 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй.

Бізнэсоўцы, якія сталі аб’ектам вымагання хабару, атрымалі па два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў месцы абмежавання волі. Браты Кунцэвічы, якія нібыта і вымагалі хабар для Ільюкевіч і Адамовіча, атрымалі 3 і 3 з паловай гады пазбаўлення волі.

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і будзе абскарджвацца ў вышэйшай інстанцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?