На даху жылога дому каля Пралетарскае плошчы ў Віцебску зьявіўся бел‑чырвона‑белы сьцяг. Гэта ўжо чацьвертая ў гэтым месяцы акцыя невядомага Мірона. Цяпер Мірон зьвярнуўся да землякоў з прапановай байкатаваць мясцовыя выбары.

Паводле мясцовага апазыцыянэра Барыса Хамайды, з пэўнай крыніцы, вартай даверу, яму стала вядома, што да сьцяга была прымацаваная цыдулка са словамі «Байкот выбарчаму фарсу!» і подпісам — Мірон.

Ад удзелу ў выбарах адмовіўся старшыня віцебскай арганізацыі БНФ

Кастусь Смолікаў быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты абласнога савету па Кіраўскай выбарчай акрузе №52. Ён апынуўся адзіным прадстаўніком апазыцыі, вылучаным на выбары ў аблсавет зь Віцебску.

Паводле спадара Смолікава, рашэньне адмовіцца ад удзелу ў выбарах ён прыняў пасьля таго, як нават праз абласны суд на кандыдатаў не ўдалося зарэгістравацца ніводнаму зь іншых дэмакратычных прадстаўнікоў Віцебску.

(Смолікаў: ) «Я напісаў заяву і сёньня аднёс — пра тое, што я здымаю сваю кандыдатуру з выбараў у мясцовыя дэпутаты. Матывацыя простая: выбараў у нас няма й гуляць у гульні ўлады я не хачу. Як мне вядома, хто ні зьвяртаўся ў суд, усім адмовілі, і горад Віцебск фактычна застаўся без апазыцыйных кандыдатаў. Таму мы будзем рыхтавацца да нейкіх іншых падзеяў, і ня будзем браць удзелу ў гэтых выбарах, у гэтым фарсе».

Пасьля адмовы ад удзелу ў выбарах Кастуся Смолікава кандыдатам у дэпутаты абласнога савету застаўся адзіны прадстаўнік апазыцыйных структураў — сябар БСДП (Грамада) Леанід Гаравы з Гарадка. Увогуле ж выбары ў аблсавет атрымаліся амаль безальтэрнатыўныя: толькі ў 11 акругах з 60 балятуюцца два і болей кандыдатаў.

Нагадаем, што на мінулым тыдні заклікаў адмовіцца ад удзелу ў выбарах Аляксандар Казулін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?