Міністр замежных спраў Балгарыі Мікалай Младэнаў сустракаўся на мінулым тыдні ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамілі БелаПАН у прэс-службе балгарскага МЗС.

Там таксама пацвердзілі, што па выніках сустрэчы Младэнаў накіраваў ліст Вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і кіраўнікам знешнепалітычных ведамстваў краін ЕС. Інфармацыя пра змест гэтага ліста, што з’явілася ў СМІ, адпавядае рэчаіснасці, заявілі ў прэс-службе.

Пра ліст міністра Младэнава паведаміла 1 верасня агенцтва Рэйтар.
Паведамлялася, у прыватнасці, што падчас сустрэчы Лукашэнка паабяцаў вызваліць чатырох палітзняволеных да канца гэтага тыдня, а ў дачыненні яшчэ да двух — зняць абвінавачанні. Усіх астатніх палітзняволеных беларускі прэзідэнт паабяцаў вызваліць у пачатку кастрычніка.

Балгарскі міністр таксама праінфармаваў Эштан, што Лукашэнка паабяцаў правесці круглы стол з апазіцыяй для абмеркавання будучыні краіны, на які будзе запрошана «група мудрацоў» для назірання і садзейнічання перамовам.

Чакаецца, што міністры замежных спраў краін ЕС абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі 3 верасня на сустрэчы ў Сопаце (Польшча).
У той жа час, паводле інфармацыі крыніцы ў еўрапейскіх дыпламатычных колах, ЕС не будзе абмяркоўваць прапанову Лукашэнкі аб круглых сталах з удзелам улады і апазіцыі да вызвалення ўсіх палітзняволеных. «Гэта канчатковая папярэдняя ўмова, — заявіла крыніца Ройтэрз. — Беларусь спрабуе гуляць у тую ж гульню, што і заўсёды, але цяпер гэта не спрацуе. Мінск паспрабаваў дзейнічаць праз традыцыйныя каналы ў Італіі і Літве, але атрымаў адмову, пасля чаго пагадзілася Балгарыя».
Прэс-служба прэзідэнта Беларусі не пацвярджае і не аспрэчвае інфармацыю аб сустрэчы Лукашэнкі з Младэнавым.
«Усе пытанні адносна гэтай інфармацыі варта адрасаваць да крыніц гэтай інфармацыі», — параіў БелаПАН кіраўнік прэс-службы Павел Лёгкі.

Варта адзначыць, што 1 верасня Лукашэнка памілаваў яшчэ чатырох асуджаных удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года ў Мінску. Першыя дзевяць фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках былі памілаваныя прэзідэнтам 11 жніўня.

29 жніўня, выступаючы на нарадзе педагагічнага актыву, Лукашэнка прапанаваў «усім разважным людзям, што любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?