У судзе па справе аб тэрактах у Мінску 22 верасня дапытаная галоўная сведка Яня Пачыцкая. Яна паведаміла суду, што з Дзмітрыем Канавалавым пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». У ноч з 9 на 10 красавіка Канавалаў паведаміў ёй, што прыязджае ў Мінск на тры дні і прапанаваў сустрэцца.

10 красавіка каля 20.00 яны сустрэліся і адправіліся на здымную кватэру Канавалава, дзе распівалі спіртныя напоі. Паводле слоў сведкі, 11 красавіка Канавалаў амаль не піў і казаў, што яму патрэбна будзе адлучыцца вечарам прыкладна ў 17.00. Пачыцкая адзін раз убачыла сумку, у якой была бомба, але пра яе змесціва не ведала і не здагадвалася.

Пачыцкая таксама паведаміла, што бачыла, як Кавалёў і Канавалаў разам сядзелі над сумкай, якая стаяла за шырмай. Але як толькі яна адчыніла шырму, яны закрылі сумку і папрасілі яе выйсці.

11 красавіка каля 17 гадзін Канавалаў пайшоў з кватэры і вярнуўся прыкладна праз гадзіну-паўтары. Паводле слоў Пачыцкай,

Канавалаў быў у прыўзнятым настроі, жартаваў, нешта напяваў і заявіў, што «зараз можна адпачываць».

Усе трое, разам з Уладзіславам Кавалёвым, яны прадоўжылі выпіваць. Канавалаў, паведаміла Пачыцкая, спакойна лёг спаць у той час, як па тэлевізары з’явіліся першыя паведамленні пра тэракт у мінскім метро. Як зазначыла Пачыцкая,

Канавалаў на гэтую навіну рэагаваў зусім адэкватна, абураўся разам з усімі, спрачаўся пра тое, хто гэта мог зрабіць.
У аўторак, 12 красавіка, з кватэры яны практычна не выходзілі, працягвалі выпіваць. Вечарам да іх уварваліся супрацоўнікі міліцыі і затрымалі ўсіх траіх.

Пачыцкая заявіла, што нічога не ведае ні пра выбуховае прыстасаванне, ні пра матывы Канавалава ўчыніць тэракт.

У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак да 11 гадзін 23 верасня. Пасяджэнне будзе працягвацца з апытання пацярпелых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?