Мы прасачылі гісторыі дзяцей рэктараў і некаторых топ-чыноўнікаў, якія робяць надвор’е ў беларускай сістэме адукацыі.

 Дачка Абламейкі Маша на адпачынку ў Аўстрыі за некалькі месяцаў да сканчэння БДУ.

Дачка Абламейкі Маша на адпачынку ў Аўстрыі за некалькі месяцаў да сканчэння БДУ.

 Сын рэктара БНТУ Хрусталёва цяпер вучыцца ў Нямеччыне.

Сын рэктара БНТУ Хрусталёва цяпер вучыцца ў Нямеччыне.

 Сын рэктара БДЭУ Яраслаў Шымаў працуе на расійскай службе Радыё Свабода, фота РС.

Сын рэктара БДЭУ Яраслаў Шымаў працуе на расійскай службе Радыё Свабода, фота РС.

Пра дзяцей рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, які рашэннем Рады ЕС уключаны ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЕС. Іх у яго двое: сын, які скончыў БДУІР і дачка, што цяпер вучыцца ў завочнай аспірантуры юрфака БДУ. Аб гэтым рэктар казаў у некаторых інтэрв'ю, а таксама пісаў у сваёй кнізе «Кібернетыка жыцця: развагі акадэміка».

Так склалася, што Маша Абламейка абараняла дыплом ужо ў той час, калі рэктарам ВНУ стаў яе бацька. А нядаўна Марыя выйграла конкурс міжнародных стыпендый,

і БДУ адправіў яе на навучанне ў Віленскі ўніверсітэт у межах праграмы Erasmus Mundus.
Шкада, наведаць сваю дачку ў Вільні спадар Абламейка бліжэйшым часам не здолее: яго шматразовы шэнген ануляваны яшчэ ўвесну.

А вось дачка былога рэктара БДУ, а цяпер кіраўніка Інстытута Канфуцыя пры тым жа БДУ, Васіля Стражава ўжо 19 гадоў жыве ў Нямеччыне. Яна таксама вучылася ў БДУ, але, гледзячы па розных інтэрв'ю доктара фізіка-матэматычных навук Стражава так яго і не скончыла. Затое выйшла за аднагрупніка, які аказаўся адзіным са сваёй плыні, што цяпер зарабляе фізікай. Паводле словаў былога рэктара БДУ, «фізікай зарабіць немагчыма», і яго яна «амаль ніколі не карміла».

Унукі Стражава — Мікалай і Даніла — цяпер таксама жывуць у Нямеччыне.

Сын рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Яраслаў Шымаў спачатку выбраў акадэмічную кар’еру: пасля журфака Маскоўскага ўніверсітэта скончыў гістарычную аспірантуру. І рэалізоўваць свае журналісцкія і навуковыя таленты вырашыў за мяжой: з 1999 г. ён жыве ў Празе і працуе на Радыё Свабода. Што праўда, расійскай, а не беларускай службе. Зрэшты, тое і не дзіўна: ураджэнец Масквы з пяццюдзесяццю адсоткамі балгарскай крыві, Яраслаў называе сябе расійскамоўным журналістам постсавецкага СМІ.

З'ехаў Яраслаў у самым зеніце міністэрства свайго бацькі, да якога пасля прыляпілася мянушка «творцы беларускага эканамічнага цуду». Праз 11 гадоў спазнаць усе бакі гэтага «цуду» Яраславу, на жаль, не давялося, затое пару гадоў таму ён трапіў у вялікі міжнародны скандал, зьвязаны з прыездам яго бацькі ў Вену на міжнародную канферэнцыю. У аўстрыйскай сталіцы яго чакала адлічаная ім за тры гады да таго студэнтка Таццяна Хома, ды не адна, а з цэлай гвардыяй студэнтаў-пратэстоўцаў. Тыя хоць і не перашкодзілі рэктару БДЭУ выступіць на міжнароднай канферэнцыі, затое моцна папсавалі ягоны імідж перад удзельнікамі. Тады ж сын рэктара паспрабаваў заступіцца за бацьку, чым выклікаў цэлы вір крытыкі.

«Мой бацька, як і тысячы беларускіх дзяржслужачых, гуляе па правілах той сістэмы, якая створана ў нашай краіне»,
 — апраўдваўся за бацьку Яраслаў.

Сын іншага рэктара топавага мінскага ВНУ — Сяргей Хрусталёў — пяць гадоў правучыўся на факультэце менеджмента БНТУ. За гэты час ён паспеў перавесціся з платнага на бясплатнае аддзяленне, прабіцца ў магістратуру і патрапіць у лік нямногіх шчасліўчыкаў, што атрымалі магчымасьць вучыцца ў той час у магістратуры ў Германіі. Вядома, ніхто не звязвае акадэмічныя поспехі Сяргея з фігурай яго бацькі, што ўвесь гэты час займаў пасаду рэктара БНТУ.

Не адстаюць і дзеці адукацыйных чыноўнікаў, тых самых, што, здаецца, робяць усё, каб беларускія студэнты ніколі не пабачылі, як жывуць і пра што думаюць іх аднагодкі зь іншых еўрапейскіх краін. Паводле інфармацыі ej.by, дачка намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно ўжо даўно жыве ў Галандыі, а дачка яго былога шэфа, а цяпер галоўнага ідэоляга краіны Аляксандра Радзькова — у Расіі.

Кур’ёзна склаўся лёс дачкі дарадцы міністра адукацыі Віктара Іўчанкава, які паралельна выкладае на журфаку.
У 2004 г, ён спрычыніўся да скандальнага закрыцьця Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Мінску.
Універсітэт неўзабаве перабраўся ў Вільню, а праз два гады туды паступіла яго дачка.
Праўда, паралельна яна атрымлівае адукацыю і ў бацькоўскім БДУ на філалагічным факультэце.

Такім чынам, усе дзеці высокіх адукацыйных чыноўнікаў, інфармацыя пра якіх хоць нейкім чынам прасачылася ў медыі, надалі перавагу беларускай адукацыі, але працягвалі навучанне амаль абавязкова за мяжой. Прычым менавіта заходняй, куды іх бацькоў часта нават не пускаюць, і для паездак куды яны самі будуюць усялякія перашкоды ў дачыненні іншых студэнтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?