У дадатак да беларускіх нетраў з неацэнным рэсурсам у выглядзе калійных угнаенняў расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцарыеў атрымае ў Беларусі і больш празаічны, але ад гэтага не менш цікавы актыў — пляцоўкі пад забудову гатэляў і іншай нерухомай маёмасці.

Бізнэсовец прыходзіць на гэты рынак разам са сваім пляменнікам Міхаілам Шышханавым як саўладальнік «Моспромстроя» — аднаго з найбуйнейшых уладальнікаў маскоўскай нерухомасці і фешэнэбельных гатэляў.

Паводле інфармацыі «Ежедневніка», даччынае прадпрыемства канцэрна «Моспромстрой» у Беларусі, ЗЗАТ «Моспромстрой-Отель», было зарэгістраванае Мінгарвыканкамам яшчэ ў сярэдзіне верасня. На афіцыйным сайце кампаніі практычна ў той жа час, калі Гуцарыеў падпісваў ў Мінску дакументы па калійным праекце, з’явілася паведамленне аб уключэнні ў склад групы «Моспромстрой» дзвюх кампаній у Беларусі — ЗЗАТ «Моспромстрой-Отель», а таксама ТАА «ТУКС Инжиниринг».

У маскоўскай кампаніі не каментуюць, якія праекты ў Беларусі плануе рэалізаваць кампанія, што перайшла гэтым летам пад поўны кантроль дзядзькі і пляменніка. Але на маскоўскім рынку нерухомасці яна вядомая ў першую чаргу будаўніцтвам і здачай у арэнду міжнародных гасцінічных сетак фешэнэбельных гатэляў. На дадзены момант у партфоліа «Моспромстроя» ўваходзяць 3 пяцізоркавыя, 1 чатырохзоркавы і 2 трохзоркавыя гатэлі пад брэндамі «Марыёт» і «Холідэй Ін». На думку экспертаў, хутчэй за ўсё, выхад бізнэсу Гуцырыева і Шышханава на беларускі гасцінічны рынак звязаны з планамі гэтых брэндаў. А пра тое, што ў Беларусі з’явяцца і «Марыёт», і «Холідэй Ін», гаворыцца досыць даўно.

Як лічаць эксперты «Ежедневніка», прыход «Моспромстроя» можа па-сапраўднаму ўскалыхнуць беларускі рынак нерухомасці. Толькі гасцінічным бізнэсам сфера яго дзейнасці не абмяжуецца. У прыватнасці, магчыма, кампанія зоймецца працягам праектаў, у якія тут пачынала інвеставаць жонка Лужкова Алена Батурына. Аператарам па гэтых праектах у Беларусі з’яўляецца Маскоўская інвестыцыйная будаўнічая кампанія. Мяркуючы па справаздачы за 2 квартал 2011 года, апублікаванай Мінфінам Беларусі, яна нясе буйныя страты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?