Аднак адбыцца гэта можа толькі пры ўмове, калі Беларусь атрымае крэдыты ад усходніх сяброў і Міжнароднага валютнага фонду.

Цікавасць да валютнага рынку зноў пачала падагравацца ўсё вышэйшым курсам даляра ў дачыненні да беларускага рубля і заявамі кіраўніцтва краіны, закліканымі зрабіць праблему малазаўважнай і нязначнай. Пракаментаваць сітуацыю «Ежедневник» папрасіў былога старшыню Нацбанка Беларусі Станіслава Багданкевіча.

— Станіслаў Антонавіч, якія, на вашую думку, перспектывы дынамікі даляра на валютным рынку ў Беларусі?

— Калі лічыць з 1 студзеня 2011 года, то абвал на беларускім валютным рынку адбыўся прыкладна ў 2,7 разу. У пачатку года даляр каштаваў каля 3 тысяч беларускіх рублёў, цяпер — каля 8 тысяч. Але гэты абвал павінен дзесьці зафіксавацца. Калі ў Беларусь паступяць крэдыт «Сбербанка», крэдыт Ірана, Кітая, МВФ, то на ўзроўні 8–8,5 тысяч стабілізацыя курсу беларускага рубля ў дачыненні да даляра можа адбыцца. Але пры ўмове, калі ўлады здолеюць утрымаць рублёвую грашовую масу ў цяперашніх аб’ёмах, калі не будуць пашыраць крэдытаванне неэфектыўных дзяржпраектаў.

— Наколькі верагодная пагроза далейшых адміністрацыйных маніпуляцый на валютным рынку?

— Магчымасць адміністрацыйнага кіравання на валютным рынку з’явіцца, калі толькі з’явяцца вялікія вонкавыя рэсурсы.

Але без адміністрацыйнага кіравання стрымаць цяперашні курс магчыма пры ўмове правядзення эканамічных рэформаў.
Бо падзенне ў 2,7 разу — велізарнае, і на гэтым узроўні ўтрымліваць курс рэальна.

— Як вы ставіцеся да нормы, згодна з якой продаж валюты ў Беларусі будзе ажыццяўляцца толькі з пашпартам?

— Я да такіх мераў стаўлюся адмоўна.

Гэта спроба паліцэйскай дзяржавы сачыць за кожным грамадзянінам з мэтай даведацца, колькі ён набыў валюты і на што выдаткаваў.
Я разумею, што ўлады хочуць паспрабаваць не дапусціць скупкі валюты асобнымі грамадзянамі звыш іхных даходаў. І гэта прывядзе да таго, што малы бізнэс, які паказвае не ўсе свае фінансавыя паступленні ўладам, вымушаны будзе шукаць шляхі абыходу пашпартнага рэжыму. Таму ў прынцыпе гэта дрэнная практыка. Але калі ўлады на такім абмежаванні спыняцца, то я не бачу вялікай праблемы для абсалютнай большасці грамадзян Беларусі.

— Аднак прэзідэнт Беларусі сказаў на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ, што простым людзям валюта не патрэбная. Яе скупляюць імпарцёры і «шмотачнікі»…

— Як можна каментаваць такія заявы? Гэта як Надзея Ермакова паведаміла, што ў яе даляраў няма і яны ёй проста не патрэбныя.

Такія выказванні не вытрымліваюць крытыкі. Мы жывем у адкрытай краіне, адкрытым грамадстве. І хоць у нас таталітарная дзяржава, межы адкрытыя.
Экспарт-імпарт даходзіць да 70–80% да ВУП, і зразумела, што эканоміка, грамадзяне без валютнага рынку не могуць існаваць. Яны могуць толькі гібець.

— На мінулым тыдні Нацбанк пачаў праводзіць валютныя інтэрвенцыі на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы. Ці апраўданыя былі гэтыя дзеянні?

— Я лічу, што такія інтэрвенцыі — абавязак Нацбанка. Яны закліканыя не дапусціць спекуляцыйных ваганняў. Сёння падаецца шмат заявак, заўтра заявак няма. І цэнтральны банк павінен скупляць валюту. У іншы час — прадаваць яе. Іншая справа, што ўсё павінна быць пралічана, у межах невялікіх адхіленняў. Плюс з мінусам мусяць балансаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?