Былы галоўны трэнер «Віцебска» Сяргей Петухоў, чыя заява на звальненне была днямі падпісаная, прызнаўся, што не мог і далей абяцаць сваім падапечным «лепшае жыццё».

Інтэрв’ю са спартоўцам публікуе Goals.by.

— Сяргей Васільевіч, роўна месяц таму мы з вамі размаўлялі на тэму бядотнага становішча «Віцебска», і на маё пытанне пра тое, навошта вам гэта наогул трэба, вы адказалі, маўляў, спартыўны інтарэс: з нічога зрабіць нешта. Спартыўны інтарэс, я так разумею, сябе вычарпаў?

— Аптымізм ў мяне знік, страціў, так бы мовіць, веру ў лепшую будучыню. Сітуацыя не мяняецца. Я ўжо не веру, што могуць быць зрухі ў лепшы бок.

— Як вы рассталіся з «Віцебскам»?

— Напісаў заяву на звальненне. Кіраўніцтва вырашала, адпускаць мяне ці не адпускаць. У выніку адпусцілі. Матывы? Мне было нязручна глядзець дзецям у вочы, падманваць іх, абяцаючы змены, патрабаваць ад іх выніку, калі клуб не дае нармальных умоваў для працы. Ведаеце, цяперашняе становішча «Віцебска» чымсьці нагадала мне сітуацыю са шматлікімі клубамі ў расійскім футболе, якія рабіліся банкрутамі і проста закрываліся. Думаю, закрыць «Віцебск» было б больш сумленна ў дачыненні да ўсіх. Але, як я разумею, усе проста баяцца ўзяць на сябе адказнасць і закрыць клуб у абласным горадзе. А тое, што мы ездзілі па краіне з працягнутай рукой, жабравалі ў наўпростым сэнсе слова, — гэта нармальна.

— Думаеце, і сапраўды каманду лепш распусціць да лепшых часоў?

— Або распусціць, або аб’яднаць з Наваполацкам. Гэта адзіны выхад, які я бачу.

— Заробак у апошнія месяцы ў клубе хоць плацілі?

— Месячная зарплатная ведамасць складае 103 мільёны на ўсю каманду.

— Ну, хтосьці з гульцоў, як Цурыкаў, напэўна, атрымлівае больш, хтосьці менш.

— У Цурыкава заробак 7 млн «бруднымі». У шэрагу хакеістаў зарплата складае 3 мільёны.

— У мяне ў краме побач з домам вісіць аб’ява аб наборы грузчыкаў на заробак у 2,5–2,7 млн…

— Я пра гэта і кажу, што ў такой сітуацыі ўсе хакеісты, якія будуць хоць крыху запатрабаваныя, з’едуць куды заўгодна. Яны і цяпер бы з’ехалі, калі б не кантракты.

— А вас цалкам разлічылі?

— Так, тут ніякіх праблем не было.

— Кіраўніцтва клуба не спрабавала вас утрымаць? Усё ж такі вы спецыяліст аўтарытэтны.

— Мне старшыня ФХРБ Яўген Ворсін тэлефанаваў, прапаноўваў застацца. Але я не бачыў у гэтым сэнсу. Я хакеістам пасля мінулага сезона абяцаў лепшыя ўмовы ў гэтым сезоне. А ўмовы зрабіліся ў разы горшымі. У нас у мінулым годзе месячная зарплатная ведамасць складала 135 мільёнаў, а цяпер 103 мільёны пры такім абвале рубля. Інвентару ў клубе няма наогул! У ліпені закупілі 50 клюшак. На гэтым усё. 50 клюшак — гэта 2–3 тыдні працы.

— Гэта значыць, нават праз пару дзён, астыўшы, вы не лічыце, што пагарачыліся з адстаўкай?

— Не. Гэта ўсвядомленае рашэнне. У Лідзе нам не было чым гуляць…

— Каб выходзіць на апошнія матчы, вы сапраўды прасілі клюшкі ў каманд-суперніц?

— Так. А што нам было рабіць? Самі хлопцы падыходзілі да супернікаў, тлумачылі сітуацыю, прасілі хоць якія-небудзь карыстаныя або зламаныя клюшкі, якія мы потым рэстаўравалі. Канькі ўсе пабітыя. На нагах у хлопцаў і дзяўчат пальцы адбітыя, пашкоджанні галенастопа. Канькі наогул пры мне не закупляліся! Пра што тут казаць?!

— Як на мяне, дык нонсэнс, што ў каманды экстралігі такія ўмовы.

— Дык я ж пра гэта і кажу. Сваёй адстаўкай я хацеў прыцягнуць увагу да каманды, каб на яе нарэшце звярнулі ўвагу. Хоць хутчэй за ўсё мой сыход нічога не зменіць.

— Гэта праўда, што хакеістаў «Віцебска» выгналі з інтэрната, бо клуб не ў стане аплачваць пражыванне?

— Ну, не зусім выгналі. Гульцам сказалі, каб пачалі здымаць кватэры, і грошы на кватэры клуб абяцаў ім выплачваць. Толькі вось калі ў іншых камандах на жыллё даецца ў раёне 300 даляраў, то нашым хлопцам планавалі даваць на кватэры па 300–500 тысяч.

— Дык за такія грошы, напэўна, нават у Віцебску не зняць жылля.

— Клуб разлічваў, што хлопцы будуць здымаць кватэры на дваіх-траіх. Але ўся соль у тым, што нават гэтыя 300–500 тысяч за пару месяцаў ім так і не выплацілі.

— Скажыце, гэта віна кіраўніцтва клуба?

— Не. Ну што кіраўнікі клуба могуць зрабіць? Усё залежыць ад волі абласных уладаў. Заўважце, у сучасным спорце, што ў футболе, што ў хакеі, квітнеюць тыя каманды, дзе кіраўнікі вобласці або рэгіёну захапляюцца спортам, гэта як у Беларусі, так і ў Расіі.

— Як вы развіталіся з хакеістамі?

— Хвілін пяць пагаварылі. Для іх крыху нечаканым стаў мой сыход. Хакеісты ашаломленыя, не ведаюць, што далей будзе з клубам.

— А што, на вашую думку, будзе далей з «Віцебскам»?

— Клубу дажыць бы да новага года. Праўда, не разумею, як яны змогуць дацягнуць да снежня. Тут трэба кардынальна змяняць сітуацыю, неабходныя фінансавыя ўліванні. Касметычны рамонт тут недарэчы.

— Я так разумею, што «Віцебск» цалкам можа зняцца падчас чэмпіянату?

— Думаю, так.

— Чым плануеце займацца?

— Вярнуся ў Мінск, паглядзім. Рашэнне звольніцца прыняў даволі спантанна, запаснога варыянту для сябе не рыхтаваў.

— У гэтым сезоне будзеце ўжо адпачываць ці хочаце цяпер некуды ўладкавацца?

— Тыдзень-другі адпачну і пачну пошукаў. Можа быць, у ДЮСШ папрацую.

— Ваш сын, галкіпер Андрэй Петухоў, застаецца ў «Віцебску»?

— Ён на кантракце. Так што гэты сезон давядзецца дагульваць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?