Больш за трыццаць здымкаў з міжнароднай экспедыцыі «З зэдлікам да акіяну», што скончылася ў чэрвені, прадставілі Яўгенія Манцэвіч і Уладзіслаў Юркоў — двое з чатырох беларусаў, што ўзялі ўдзел у праекце.

За год, што доўжылася падарожжа, удзельнікі пераадолелі аўтаспынам і пешшу больш за трыццаць тысяч кіламетраў, пабывалі ў чатырнаццаці краінах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, амаль у кожнай зладзілі музычныя імпрэзы, дзе знаёмілі жыхароў з нашай нацыянальнай культурай. Так, беларускія песні, што спявалі яны ў падарожжы, пераклалі на ангельскую, гішпанскую і партугальскую мовы.

Вандроўнікі пакінулі зэдлік, які перажыў разам з вандроўцамі мноства прыгодаў, на самым канцы зямлі — ля горада Ушуая (Вогненная Зямля, Аргенціна).
«А дзяўчынка, на чыёй кухні стаяў гэты зэдлік, засталася ў Нью-Ёрку: яна знайшла сваё месца там і не збіраецца сюды вяртацца», — растлумачылі ўдзельнікі праекту.
«Каб штосьці зрабіць, пра гэта спачатку трэба падумаць. А каб гэта зрабіць разам — трэба падзяліцца сваімі думкамі з сябрамі.
Так ужо атрымалася, што ў Беларусі месца, дзе няма цэнзуры, дзе можна казаць тое, што хочаш, — гэта кухня. На кухні людзі заўсёды адчуваюць сябе вольна. А потым яны выходзяць з кухняў, устаюць з зэдлікаў і не робяць нічога з таго, пра што гаварылі. Хтосьці марыў звольніцца з працы, памяняць жыццё… Калі кухня — гэта наша плошча Свабоды, то зэдлік — гэта яе статуя. Гэта той прадмет, які дае людзям сілу думаць і марыць услых. Дык чаму б не ўзяць прадмет, на якім табе так добра і ты адчуваеш сябе вольна, і разам з ім пайсці куды хочаш? Ну, а мы захацелі далей!» — адзначыў Уладзіслаў Юркоў, прадстаўляючы фотавыставу.

Акрамя фотаздымкаў Яўгенія і Уладзіслаў паказалі невялікую відэасправаздачу з падарожжа. «Гэта яшчэ не цэлы фільм, гэта толькі частка, зробленая спецыяльна для гэтай выставы. Невялікі шасціхвілінны ролік, які дапаможа адчуць атмасферу падарожжа», — сказала Яўгенія.

Не верце мапе, што паказвае простую дарогу на Сан-Крыштабаль, верце мясцовым жыхарам, якія кажуць, што ісці туды трэба іншым маршрутам. Як вандраваць аўтаспынам па ЗША, дзе ён афіцыйна забаронены, раскажа вам гэтая фотавыстава. А яшчэ пазнаёміць з самымі рознымі людзьмі з усіх куткоў Амерыканскага кантынента, якіх сустрэлі падарожнікі, з жывёламі і раслінамі, з самым вялікім саланчаком у свеце, з вясёлкай у гарах і шмат чым іншым. Цікавы «Ліст падтрымкі» на беларускай і гішпанскай мовах, дзе выкладзеныя мэты праекту і просьба аб садзейнічанні яго падаўцам.

«Мы пастаянна дзялілі групу: у адной машыне нас падарожнічала сем-восем, неяк больш за месяц мы ехалі ўчатырох, потым — утрох, часам — удваіх. Раз на месяц мы рабілі фестывалі ў розных лацінаамерыканскіх краінах. Адзін фестываль быў у ЗША ў Нью-Мехіка, потым недалёка ад Вера-Круза ў Мексіканскім заліве, у Гандурасе. Дарэчы, Гандурас — вельмі цікавая краіна. Яна чымсьці падобная да Беларусі. Па ўсёй Амерыцы на вуліцах прынята вітацца, усе ўсміхаюцца. Ідзеш па вуліцы, махаеш рукой і кажаш зусім незнаёмаму чалавеку: „Прывітанне!“ А табе ў адказ: „Прывітанне! Як жыццё! Чо робіш? Куды ідзеш? А! Глядзі, зараз я табе ўсё раскажу-пакажу“. А ў Гандурасе, як і ў Беларусі, на вуліцах не вітаюцца.

І ўсё ж пасля гэтай паездкі я зразумеў, што дома лепей за ўсё. Хто хоча з’ехаць кудысьці на ПМЖ, спытайце мяне, я вам скажу, дзе добра. Гэта гучыць банальна: ёсць розныя месцы на белым свеце, але дома лепш за ўсё. Толькі паболей бы сонца, вельмі мала сонца ў Беларусі», — падзяліўся думкамі Уладзіслаў.

Падарожнікі набылі сапраўды неацэнны досвед, які не заменяць ні тэлеперадача пра падарожжы, ні даведнік, ні аповеды сяброў. Ніколі не позна пашырыць свой далягляд да памераў зямнога шара. Трэба толькі падняцца з зэдліка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?