На Магілёўшчыне ўзвядзенне лядовых палацаў у Шклове і Горках прыпынена. Каб скончыць будаўніцтва, патрэбны мільярды рублёў, якіх у бюджэце няма.

У Шклове лядовы палац пачалі будаваць паўтара года таму. Кошт будоўлі ў цэнах другога квартала 2010 года ацэньваўся ў 50 мільярдаў рублёў. Завяршыць будаўніцтва лядовай арэны планавалі ў 2011 годзе. Як сцвярджаюць жыхары райцэнтра, гэтай урачыстасці сёлета не будзе.

«Каб працы ішлі інтэнсіўна — я такога не бачыў. Там толькі палі забілі і пяском засыпалі пляцоўку.

Каму патрэбна гэтая цацка і хто туды будзе хадзіць?»
 — абураецца жыхар Шклова Міхаіл.

Калі здадуць палац, дакладна не ведаюць і ў райвыканкаме. «Тыя грошы, якія выдзелілі, мы іх асвоілі, і ўсё. Там жа патрэбна вялізная сума грошай — пад 70 мільярдаў. Даляр жа падскочыў. Чакаем, што на наступны год нам грошы дадуць для ўводу», — кажа адзін з супрацоўнікаў райвыканкама.

У сталіцы «Дажынак-2012» Горках узводзіць лядовы палац таксама пачалі больш як год таму. Вынік — як у Шклове. Будаўніцтва прыпынена. Са зробленага — убітыя бетонныя палі

ды падсыпаная жвірам пляцоўка, якая, са слоў жыхароў, зарастае бур`янам.

«Улетку перад візітам Аляксандра Лукашэнкі падагналі туды трактары і гэты бур`ян увесь разгрэблі, каб яго хоць не відаць было. Падсыпалі зверху пяску, каб было відаць, што будаўніцтва нейкае вядзецца», — кажа эканаміст Андрэй Юркоў.

У райвыканкаме супакоілі — да зімы будзе ўзведзены каркас будучага палаца. Але пакуль грошай няма, зазначыў супрацоўнік райвыканкама: «Сто мільярдаў павінны пайсці на падрыхтоўку да „Дажынак“. З іх 21 мільярд — менавіта на лядовую арэну, каб працягнуць працы».

Дык ці патрэбны Горкам лядовы палац, пытаюся ў заўзятага аматара хакея Андрэя Юркова.

«На сённяшні дзень больш-менш рэгулярна гуляюць у хакей 20–25 чалавек.
Для іх будаваць гэты палац? Трэба спачатку забяспечыць школы раёна спартыўным інвентаром. Няма за што купіць ні канькі, ні клюшкі», — адказаў Юркоў.

Акрамя Горак і Шклова, мясцовыя ўлады ўзімку 2011 года заяўлялі, што пабудуюць лядовыя палацы яшчэ ў шасці райцэнтрах. Будаваць там дагэтуль не пачалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?