Том Пэці, адзін з выбітнейшых амерыканскіх музыкантаў і аўтараў песняў другой паловы ХХ стагоддзя, усё жыццё праводзіць у змаганні. Спачатку з гуказапісваючымі кампаніямі, пасля -- з выдаўцамі пласцінак супраць падвышэння коштаў. Цяпер ён змагаецца з тэрмітамі, якія паядаюць ягоны драўляны катэдж, і з санітарнай службай сваёй акругі. І піша пры гэтым цудоўныя лірычныя песні.

На самым пачатку двухтысячных Том Пэці, якога бянтэжыла адсутнасць якаснай музыкі як класа, запісаў альбом «Апошні дыджэй», накіраваны адразу супраць усіх ягоных ворагаў плюс супраць радыёстанцый. І вось тут здарылася нечаканае — патэнцыйны хіт Last DJ на розных амерыканскіх радыёстанцыях круціць «не рэкамендавалі». Прэцэдэнт для ЗША проста неверагодны — у песні няма ніводнай непрыстойнасці, няма абсалютна нічога, што магло б абразіць пачуцці слухача. Затое ёсць гісторыя апошняга дыджэя, які ставіць не тое, што патрабуюць босы кампаній, а тое, што лічыць вартым, праз гэта яго не любяць, і ў рэшце рэшт ён уцякае ў Мексіку. Магчыма, радыёстанцыі пакрыўдзіліся, а магчыма, радок «Пакуль мы ўхваляем пасрэднасць» сваю справу зрабіў.

Ну, па шчырасці, Тому Пэці настрой такім не сапсуеш — дзясятак ягоных трэкаў і так агульнанацыянальныя хіты. А тое, што радыё атрымала неблагога пінка і адчула яго — значыцца, «рэакцыя пайшла».

Дарэчы, у эфірах беларускіх FM-радыёстанцый у 2001–2002 годзе тая самая песня ўвесь час гучала ў эфіры. З іншага боку, калі б Том Пэці жыў у Беларусі, то быў бы першым, хто трапіў у «чорныя спісы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?