Прэзідэнт Расіі звязвае цяперашнюю сітуацыю ў эканоміцы Беларусі з адсутнасцю эканамічных рэформаў. Пра гэта Дзмітрый Мядзведзеў заявіў 11 лістапада на сустрэчы з калектывам Амурскага кабельнага завода ў Хабараўску.

Мядзведзеў мяркуе, што ў Расіі добрыя шанцы пераадолець магчымую другую хвалю сусветнага эканамічнага крызісу, улічваючы паказчыкі развіцця яе эканомікі ў апошнія гады. «Вытрымаем, не хвалюйцеся», — сказаў ён.

Расійскі прэзідэнт зазначыў, што за апошнія гады, нягледзячы на перыяд эканамічнага крызісу, у краіне зніжалася інфляцыя, якая ў 2011 годзе будзе самай нізкай за ўсю гісторыю сучаснай Расіі — у межах 7%.

«Калі супаставіць з тым, што ў нас адбывалася гадоў дзесяць таму, — гэта зусім іншыя лічбы. І давайце паглядзім, што ў нашых суседзяў адбываецца, у нашых блізкіх суседзяў, сяброў — беларусаў: у іх 100% інфляцыя. Чаму?

Бо трэба своечасова рэформы рабіць. Вядома, мы ім зараз стараемся дапамагаць, мы з імі адзіную мытную прастору ствараем, і эканамічны саюз будзем ствараць. Гэта значыць, у нас і ў гэтым сэнсе больш-менш усё нішто сабе»,
 — сказаў Мядзведзеў.

Між тым, 10 лістапада Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў планы ўрада Міхаіла Мясніковіча па рэфармаванні эканомікі, абвінаваціўшы яго «ў захопленасці рынкам».

«Я цярплю гэта да 1 студзеня, а потым у вас застанецца тэрмін да 1 мая, ну да 9-га, да Дня Перамогі. І насельніцтва зусім па-іншаму павінна ацэньваць палітыку ў дзяржаве. Мы ўсё робім для людзей, а не дзеля нейкіх рыначных выкрутасаў. Збірайце ў кулак грошы і дзейнічайце. Час такі. А вы ўсё на рынак разлічваеце», — папракнуў Лукашэнка ўрад.

Ён запатрабаваў ад Саўміна прытрымлівацца палітыкі, выпрацаванай Усебеларускім народным сходам і прэзідэнтам. «Вы сфарміраваны прэзідэнтам пад канкрэтную задачу», — нагадаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?