Нядзельнай раніцай я заўважыў на лесвічнай пляцоўцы ля суседскіх дзвярэй чорны, завязаны крыж-накрыж, як жаночая хустка, пакет. Кінуў позірк ды пайшоў сабе далей па нейкай дробнай нядзельнай справе. Але і праз колькі гадзін пакет нерухома стаяў на тым жа месцы…

Пад вечар я ціскануў суседскі званок. Дзверы расчыніліся. «…Чулі? — суседка, былая доктарка, хуценька дашпільвала на хатнім халаце апошні гузік. — Расстралялі… Я б такіх на месцы расстрэльвала, без суда і следства. Нелюдзі…»

І зноў перад вачыма ўзнікла відовішча, якое пераследуе мяне ўсё жыццё.

Мінск, занесеныя снегам руіны, 1946 год. Велізарны натоўп, чыесьці моцныя рукі ўздымаюць мяне над галовамі, і я бачу, як зрухваюцца, торгаючыся, з месца грузавікі, а ў марозным паветры віснуць на шыбеніцах, хістаючыся з боку ў бок, цёмна-шэрыя, падобныя на знясіленых лялек, постаці…

Я не ведаю, чаму цётка павяла мяне на былы іпадром, на публічнае смяротнае пакаранне нямецкіх ваенных злачынцаў, а запытаць ужо не атрымаецца.
Мусіць, яна хацела, каб я запомніў, як адбываецца адплата за злачынствы і святкуе справядлівасць. Але чамусьці я страшэнна расплакаўся. Наўрад ці ад жалю, хутчэй, ад страху. Так, ад страху, бо нейкім незнаёмым раней пачуццём я адчуў, якое безабароннае не чыё-небудзь, не фашыстаў ды іх ахвяр, а маё ўласнае жыццё перад бязлітасцю смяротнага пакарання…
Але ці можа справядлівасць грунтавацца на адчуванні бязмежнага страху?

Увесь нядзельны вечар я слухаў хлуслівыя тлумачэнні афіцыйных тлумачальнікаў, чаму трэ было смяротна пакараць Кавалёва і Канавалава. Зноў і зноў дзеля падтрымкі іх тлумачэнняў экран дыхаў полымем, дымам і пылам выбуху, стогнамі і крывёю параненых, смяротнай нерухомасцю цел… Зноў і зноў дзеля падтрымкі іх тлумачэнняў тыкаўся ў скажоныя прагай справядлівасці раты таўсты, нібы граната, мікрафон і неслася з экрана «Нелюдзі!», «Так ім і трэба!»…

Раптам я адчуў, што жыву ў краіне, якая на вачах ператварылася ў Лобнае месца, вакол якога гайдаецца натоўп, задаволены нібыта вышэйшай справядлівасцю смяротнага пакарання…

«Так ім і трэба…»

Але ці трэба нам? Не натоўпу — грамадству.

Бо грамадства — гэта не штучная супольнасць людзей. Гэта супольнасць цывілізацыйных каштоўнасцяў, па якіх жывуць людзі. І найпершае сярод гэтых каштоўнасцяў — жыццё.

Можна гаварыць «нелюдзі». Але нельга — «не людзі»…

Калі тлумачальнікі спасылаюцца на ЗША, яны хітруюць, бо ведаюць, што менавіта Еўропа, да цэнтра якой так любяць яны прылічваць Беларусь, здолела пасля вогнішчаў інквізіцыі, безлічы рэлігійных, грамадзянскіх, дзвюх сусветных войнаў здзейсніць цывілізацыйны духоўны, а потым і прававы прарыў ад пакарання злачынцаў смерцю да пакарання… жыццём.

У Еўропе даўно зразумелі, што, калі дзяржава ператвараецца ў забойцу, у ката, яна нішчыць свой духоўны падмурак, стымулюючы распаўсюд страху — ці не самай спрыяльнай глебы для злачыннасці. Між тым, і ў ЗША нарастае рух за адмену смяротнага пакарання, падмацаваны, дарэчы, найноўшымі дасягненнямі генетыкі. Менавіта дзякуючы даследаванням ДНК, з’явіліся доказы невінаватасці шмат каго з тых, хто быў пакараны смерцю. Да таго ж, ЗША — дэмакратычная дзяржава, там моцнае незалежнае правасуддзе, у якое, як да дзяржаўнай інстытуцыі, існуе непахісная вера.

Да аўтарытарнай дзяржавы веры няма. Няма каму верыць у такой дзяржаве — ні суду, ні тэлебачанню, ні прэзідэнту… Нават царкве, якая, калі не трэба, шмат што гаворыць, а калі трэба ўзнімаць голас, маўчыць…

«Каб іншым непанадна было…» Непанадна што?

Нават калі злачынства адбылося так, як гэта малюе ўлада, яна робіць усё, каб знішчыць слабыя праявы грамадзянскай нязгоды, сутыкнуць натоўп з грамадствам і высмактаць з гэтага сутыкнення найвялікшыя магчымасці для ціску на ўзрушаную свядомасць людзей і, у рэшце рэшт, свайго бясконцага ўладарання…

Такі вось адбываецца ў нашай краіне «тэракт», такая вось хаваецца «бомба» ў чорным пакеце страху…

«…Ваш? — я паказаў былой доктарцы на пакет ля дзвярэй. — Увесь дзень стаіць…» — " А я думала ваш, — доктарка баязліва саступіла ў кватэру. — Можа, сапёраў выклікаць ці МНС?.. Пачакайце, што вы робіце?»…

Я нахіліўся і рашуча развязаў «хустку». Блісканула нейкае шкло, узняўся слупок пяршучага пылу… Смецце, звычайнае смецце. Толькі і ўсяго.

blockquote>Глядзець таксама:

Дразды праўлення

Невядомая гісторыя

Забаронцы Айчыны

Чорная дзіра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?