Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным стварыць прывабныя ўмовы для захоўвання ў краіне капіталаў. Аб гэтым ён заявіў 30 сакавіка на нарадзе па пытаннях прыватызацыі.

«Трэба адысці ўжо ад гэтых патрабаванняў, калі мы кантралявалі ўсё і ўсіх. Сёння ў банк няма чаго хадзіць. Няма чаго капацца ў рахунках людзей, якія там трымаюць грошы, — адзначыў Лукашэнка. — Сістэму трэба ствараць. Трэба народу адкрыта сказаць: багаты чалавек — гэта не вораг. Ёсць багатыя людзі — добра, няхай яны будуць, але гэтых багатых людзей зарыентаваць на тое, каб грошы яны захоўвалі тут, асабліва заробленыя тут».

«Нельга адбіраць грошы ў бізнесменаў і прадпрымальнікаў. Прычына толькі адна — калі ты не плаціш падаткі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі не будуць выдаваць інфармацыю аб рахунках сваіх кліентаў, як гэта зрабілі некаторыя краіны.

Нагадаем, што інфармацыю пра рахункі немцаў, якія сыходзілі ад падаткаў, выдаў Ліхтэнштэйн, амерыканцаў — Швейцарыя, а Польшча і Літва легкадумна падзяліліся з лукашэнкаўцаміі звесткамі пра грошы, якія збіралі для рэпрэсаваных і іншых патрэб незалежнага грамадства беларускія праваабаронцы.

У апошні час адбыўся шэраг гучных арыштаў у сувязі з вывадам буйнымі бізнэсоўцамі капіталаў за мяжу. Прытым гэта былі бізнэсоўцы, блізкія да ўладных структур.

У Беларусі як і іншых аўтарытарных дзяржавах улада шчыльна кантралюе жыццё грамадзян, у тым ліку і бізнэс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?