Расійская Акадэмія кінематаграфічных мастацтваў прызнала фільмам года стужку Андрэя Смірнова «Жыла-была адна баба».

Фільм атрымаў «Ніку» ў пяці намінацыях — апроч таго, што карціна прызнаная найлепшай, яна адзначаная за найлепшую жаночую галоўную ролю (Дар’я Екамасава), найлепшую мужчынскую ролю другога плану (Раман Мадзьянаў), найлепшага мастака і найлепшага мастака па касцюмах.
Сам рэжысёр Андрэй Смірноў, які раней зняў культавы «Беларускі вакзал», адзначаны за найлепшы сцэнар, паведамляе Gazeta.ru.

Другой па колькасці атрыманых «Нікаў» стала карціна Андрэя Звягінцава «Алена».

На «фільм года» прэтэндавалі таксама стужкі «Высоцкі. Дзякуй, што жывы» Пятра Буслова, «Шапіто-шоу» Сяргея Лобана і «Сібір. Монамур» Вячаслава Роса.
Яны атрымалі «Нікі» ў іншых намінацыях.
Фільм «Жыла-была адна баба» апавядае пра Антонаўскае паўстанне 1921 ў Тамбоўскай губерні, якое бальшавікі задушылі газам і гарматамі.
Трагічныя падзеі 1920-х паказаныя праз прызму лёсу простай сялянкі Варвары.

* * *

Прэмія «Ніка» была заснаваная ў 1987 Сакратарыятам Саюза кінематаграфістаў СССР. Яе пераможцы вызначаюцца шляхам таемнага галасавання сябраў Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік прэміі — кінарэжысёр Юлій Гусман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?