У двары на вуліцы Каліноўскага
Для дзяцей паставілі шыбеніцу,
Якую спісалі з турмы,
Бо яна састарэла маральна.
І адразу прыбеглі дзеці,
Каб гайдацца на ёй і падцягвацца,
Каб поўзаць па ёй і караскацца
І займацца карыснай гімнастыкай.
А бацькі былі ўжо не радыя,
Бо забылі дзеці пра мульцікі,
Пра ўрокі і пра кампутары —
Прыляпіліся сэрцам да шыбеніцы.
Мамкі-нянькі грукаюць шыбінамі
І крычаць ім: «Хутчэй дахаты!»
І хвалююцца: што з іх вырасце? —
Баючыся вымавіць «шыбенікі».
Ды, здаецца мне, лепей шыбенікі,
Так, я думаю — лепей шыбенікі,
Лепей, лепей дакладна шыбенікі,
Лепей шыбенікі,
чым кáты.

* * *

Новую кнігу пісьменніцы Веры Бурлак склалі вершы, замалёўкі і п’ескі. У назве «Дзеці і здані» зафіксаваная еднасць двух пачаткаў: сувязь паміж светам жывых і светам памерлых, узаемаперацяканне таго, што здаецца абсурдызаванай «будзённасцю навыварат», і таго, што здаецца недатыкальнай таямніцай. Асобныя творы вызначаюцца іранічнай танальнасцю, разбурэннем літаратурных стэрэатыпаў, эксперыментальным пошукам.

У імпрэзе бяруць удзел: Вера Бурлак і Лятучая тэатральная каманда. Музычнае аздабленне — Вера Бурлак, Максім Іўкін.
Пачатак, а 18.30.

Вера Бурлак (Джэці) — сучасная паэтка, літаратуразнаўца, аўтарка кніг паэзіі «За здаровы лад жыцьця!» (2003), «Забі ў сабе Сакрата!» (2008, сумесна з мужам Віктарам Жыбулем), кнігі прозы «Творы соннага жанру» (2011), аўдыёкнігі Phantom of the Literature (2006). удзельніца шэрагу музычных і тэатральных праектаў, пераможца Жаночага слэму (2012).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?